Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хво́йка 1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.

2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.

хво́йка 2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.

хво́йнік, ‑у, м.

Хваёвы лес. Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам. Колас. Узняўся хвойнік малады Сцяной густога бору. Лужанін.

хво́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лісце ў выглядзе іголак. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч.

2. у знач. наз. хво́йныя, ‑ых. Падклас голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных, у які ўваходзяць сасна, елка, кіпарыс і інш.

3. Які складаецца з раслін, што маюць іголкападобнае ці лускападобнае лісце. А за Глінішчам — пачынаецца лес, не кусты, не алешнік які, а высокі і густы хвойны лес. Марціновіч. // Які належыць хвоі, уласцівы ёй. Хвойная кара. □ Прызвычаеным рухам.. [жанчына] зняла хустку з галавы, .. асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. Лынькоў. Хай аддае вада балотам І лезе ў вочы хвойны дым, Мы пасля бою ў ахвоту І ў смак харчы свае ядзім. Астрэйка. // Атрыманы з драўніны або ігліцы хвоі. Хвойная мука. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хвойнае мыла.

хво́раст, ‑у, М ‑сце, м., зб.

Сухія галінкі з дрэў або хмызняку. Паляна была ачышчана ад пнёў, кустоў і камення, па кутках яе ляжалі кучы хворасту, каб запаліць іх уначы, акрэсліўшы самалёту месца пасадкі. Хадкевіч. Агонь апошні хвораст знішчыў. Куляшоў. // Галінкі для веніка, мятлы. Нарэзаць хворасту на венікі.

хво́расць, ‑і, ж.

Разм. Хвароба, недамаганне, хваравіты стан. Хворасць у дзеда з гадамі не прайшла, а большала. Сачанка. У Мікалаеўшчыне розныя рэўматычныя хворасці выганялі з дапамогай мясцовай гразі. Лужанін.

хво́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ‑ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.

2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.

3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.

•••

Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.

Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

хво́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хвастаць (у 1 знач.).

хвост, хваста, М ‑сце, м.

1. У жывёл: прыдатак (звычайна рухомы) на заднім канцы цела. Валерык ускудлаціў валасы, стаў на карачкі, грозна засоп і пасунуўся пад паветку, дзе, адганяючы хвастом аваднёў, мірна хрумстаў канюшыну рослы рабы бычок. Шашкоў. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка. // Значна звужаная канцавая частка цела (у рыб, паўзуноў і пад.). Хвост яшчаркі. □ Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. Якімовіч. [Вугор] мае доўгае, выцягнутае, крыху сплюснутае з бакоў тулава, якое спераду заканчваецца вузкай галоўкай са скошаным пад вострым вуглом ілбом і маленькімі вочкамі, а ззаду паступова пераходзіць у доўгі і дужы хвост-вясло. Матрунёнак. // перан. Разм. У значэнні адзінкі падліку жывёлы. Ад кожнага хваста — пуд жыта, пуд бульбы або замест бульбы дзесяць рублёў грашыма. Брыль. // Футра пушнога звера (з прыдатка на задняй частцы цела), якое выкарыстоўваецца як гаржэтка, абшыўка і пад. Шапка з хвастоў пясца. // Пучок пер’я на заднім канцы цела птушак. У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. В. Вольскі. А вось танканосы бакас, куртатая балотная птушачка, яшчэ хітрэй прыдумаў — хвастом спявае! Ігнаценка.

2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.). Уздоўж фюзеляжа да сценак прыладжаны лаўкі, а ў хвасце складзена маёмасць, якую ў абкоме падрыхтаваў падпольшчыкам. Новікаў. Разгарачаны Сцяпанаў упрытык наблізіўся да хваста «юнкерса». Алешка.

3. Крайняя, ніжняя, задняя канцавая частка чаго‑н. Хвост папяровага змея. Хвост бурака. // Росчырк (у літары, цыфры, арнаменце і пад.). Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка. // Вісячы канец (вяроўкі, пугі і пад.). Толькі ж у рукзаку Стаў завязваць хвасты, Бачу ў шафе ў кутку Сіні сшытак таўсты. Нядзведскі.

4. Доўгая, звівістая паласа (дыму, пылу і пад.). Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. На двор МТС узышла машына і прыцягнула за сабой доўгі хвост пылу. Дуброўскі. // Светлая паласа, якую пакідае за сабой рухомае цела (камета, ракета і пад.). [Віця] неаднойчы наглядаў, як зрывалася раптам нейкая зорка, чыркала аб другія, якіх на небе было безліч, і з зыркім хвастом ляцела ўніз, пакуль не рассыпалася бясследна. Паўлаў.

5. Разм. Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі. Хвост сукенкі.

6. Разм. Рад людзей, што рухаюцца за кім‑, чым‑н. За .. [Сымонам] заўсёды цягнуўся шумлівы і стракаты хвост дзяцей. Хомчанка. За .. [афіцэрам], на конях, высыпаў цэлы хвост удалых меншых чыноў. Чорны. // Група людзей, якія стаяць адзін за адным, чакаючы чаго‑н.; чарга. Маладыя людзі перад Новым годам прыйшлі ў магазін купіць віна і цукерак. Хвост даволі доўгі, пасоўваецца марудна. Лужанін. // Той, хто неадступна ходзіць за кім‑н. Лічаць нас [хлопцаў] яе [дзяўчыны] хвастом, Хай! — не навіна. Мы ж і ў голаў не бяром — Восем і адна. Куляшоў. // Той, хто высочвае каго‑н., шпіёніць за кім‑н. Частыя выезды друкара Максіма да сваякоў маглі прыцягнуць за ім хвост. Якімовіч. Вечарам Жан ішоў са сваім сябрам па вуліцы. Недалёка ад вакзала яны адчулі «хвост». Новікаў. // Пра наяўнасць сям’і, дзяцей. [Ігнат:] — Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб’юць, хоць гэта не пажадана, — ніякіх хвастоў ззаду. Гурскі.

7. Задняя, канцавая частка атрада, каравана і пад., якія рухаюцца. Галава калоны замаруджана, стомлена паднімалася ўгару, а хвост яе імкліва каціўся да моста, напіраючы на пярэдніх. М. Ткачоў. // Заднія, апошнія вагоны поезда. [Начальнік:] — Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Дубоўка. З акна [будкі] было відаць.. сярэдзіну і хвост [эшалона]. Мележ.

8. перан. Разм. Частка работы, не выканання, не закончаная ў тэрмін. Так лягчэй будзе для ўчотчыка, чымся мераць недакончаныя хвасты. Беразняк. // Не здадзены ў тэрмін залік, экзамен, кантрольная работа і пад. (у студэнтаў, вучняў). [Зіне] горка было засмяяцца, але яна, прытворна смеючыся, дадала: — І яшчэ адзін хвост ёсць. [Косця:] — Па чым? — Па хіміі. Грамовіч. [Юрка:] — Я быў заняты, Тамара. Ты ведаеш, як у нас у школе выкладалі чарчэнне? А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. Ермаловіч.

9. Спец. Пустая парода, адходы, якія атрымліваюцца пры абагачэнні карысных выкапняў. Кварцавыя хвасты.

10. Абл. Самы крайні, далёкі ўчастак поля, самыя канцы ўчасткаў. [Цярэшка:] — Хутарок жа, як-ніяк. Ды і зямелька ніштаватая дасталася, дармо, што самыя хвасты, што ніхто сюды зроду гною не давозіў. Лобан.

•••

Адкінуць хвост гл. адкінуць.

Апусціць (падтуліць) хвост гл. апусціць.

Віляць хвастом гл. віляць.

Вісець на хвасце гл. вісець.

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

І ў хвост і ў грыву — надта моцна (біць, лупіць і пад. каго‑н. або пападаць каму‑н. за што‑н.).

Круціць хвастом гл. круціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Накруціць хвост гл. накруціць.

Наступіць на хвост каму — пакрыўдзіць каго‑н., пашкодзіць каму‑н.

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падтуліць хвост гл. падтуліць.

Падціснуць (падцяць) хвост гл. падціснуць.

Паказаць хвост гл. паказаць.

Прышчаміць (прыціснуць) хвост каму гл. прышчаміць.

Прышый кабыле хвост гл. прышыць.

Сабаку (кату) пад хвост (груб.) — дарэмна, за нішто (аддаць, патраціць).

Сарока на хвасце прынесла гл. сарока.

Сарока хвастом замяце гл. сарока.

У хвасце — ззаду ўсіх (ісці, плесціся і пад.).

Ушчаміць хвост каму гл. ушчаміць.

Хвастом вільнуць гл. вільнуць.

Хвастом накрыцца гл. накрыцца.

Хвост абаранкам; хвост дудой; хвост трубой — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе малайцавата, самаўпэўнена.

Хвост у зубы — хутка сабрацца і пайсці (калі многа розных спраў, працы).

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

хво́сткі, ‑ая, ‑ае.

Які моцна, балюча сцябае. Хвосткая пуга. / Пра вецер. Хвосткі вецер.

хво́сцік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да хвост (у 1–8 знач.).

•••

З хвосцікам — з лішкам, з невялікім дабаўленнем. Гадоў.. [Арцёму] было дваццаць з хвосцікам, а ці доўгі быў гэты хвосцік, ён, пэўна, і сам не ведаў. Машара.

Мышыны хвосцік — пра вельмі тонкую касу з рэдкіх валасоў.