ро́стверкавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да ростверка. Ростверкавыя сваі.
ростр, ‑а, м.
Гіст. Таран у выглядзе галавы якой‑н. жывёлы на насавой частцы старажытнарымскага ваеннага карабля для панясення ўдараў караблю праціўніка.
[Ад лац. rostrum — насавая частка судна, нос карабля.]
ро́стра, ‑ы, ж.
1. Гіст. Трыбуна на форуме старажытнага Рыма, упрыгожаная насамі караблёў, захопленых у непрыяцеля.
2. Упрыгожанні калон у выглядзе насавой часткі старажытнага судна.
[Лац. rostra (мн. л.) — насы караблёў.]
ро́стры, ‑аў; адз. няма.
Спец. Пляцоўкі, звычайна крацістыя, якія робяцца над палубай судна для шлюпак, катэраў, баркасаў і пад.
[Гал. rooster — рашотка.]
ро́стул, ‑у, м.
1. Вугал, атрыманы ў выніку расхілення ножак цыркуля і пад.
2. Адтуліна, шчыліна, якая ўтвараецца, калі расчыніць акно, дзверы і пад.; росчын.
ро́схрыст, ‑у, М ‑сце, м.
Месца, дзе расхрыстваецца, расхрысталася адзежа. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі на грудзях. Навуменка.
ро́счын, ‑у, м.
Тое, што і ростул. У росчыну дзвярэй паказаўся даўгаваты тонкі нос і чорныя вочы. Колас.
ро́счырк, ‑у, м.
Завітушка на пісьме, звычайна ў канцы слова або чыйго‑н. подпісу. [Грай] па-вайсковаму суха пераказвае загад, бярэ з рук паперку з шырокім сакратаровым росчыркам. Мікуліч. // у перан. ужыв. Пра след бліскавіцы, рэактыўнага самалёта. Тоня ўздрыгвала пры кожным росчырку маланкі. Лось.
•••
Адным росчыркам пяра — адным подпісам, не ўнікаючы ў сутнасць справы, зрабіць што‑н.
ро́сшук, ‑у, м., звычайна мн. (ро́сшукі, ‑аў).
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расшукваць — расшукаць.
2. Следчыя і аператыўныя дзеянні, якія маюць мэтай выявіць злачынца, украдзеную маёмасць і пад. У росшуках самы страшны і заўзяты быў .. [Кроер] са сваімі чаркесамі. Караткевіч.