Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ламаркі́зм, ‑у, м.

Вучэнне аб эвалюцыйным развіцці жывой прыроды, распрацаваны французскім вучоным Ж.Б. Ламаркам.

лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

лама́чча, ‑а, н., зб.

1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.

2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.

лама́чына, ‑ы, ж.

1. Абломак дрэва (сук, кавалак нятоўстага ствала, корч і пад.). Паціху ступалі [камсамольцы], каб не шлёпаць па вадзе і каб не паганіць як аб ламачыну босай нагі. Галавач. // Палка. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі. Чорны.

2. Разм. Старая або сапсаваная, непрыгодная рэч. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывод няспраўны, — злосна буркнуў Бабейка. Хадкевіч. // перан. Нязграбны, няздатны (пра чалавека, жывёлу, звычайна старых).

ламба́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Крэдытная ўстанова для выдачы грашовай пазыкі за пэўны працэнт пад заклад рэчаў ці рухомай маёмасці. Залажыць рэчы ў ламбард.

2. Уст. Крэдытная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая выдавала грашовую пазыку за пэўны працэнт пад заклад рухомай і нерухомай маёмасці і прымала на хаванне грошы з выплатай устаноўленых працэнтаў.

[Ад геагр. назвы вобласці ў Італіі — Ламбардыі, адкуль у сярэднія вякі выходзіла многа ліхвяроў і банкіраў.]

ламба́рдны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ламбарда. Ламбардная пазыка. Ламбардны білет.

ламбрэке́н, ‑у, м.

1. Драўляная разьба на выступах даху, над дзвярамі і вокнамі.

2. Верхняя частка драпіроўкі над акном або дзвярамі, звычайна з вышыўкамі, узорамі.

[Фр. lambrequin.]

лам’ё, ‑я, н., зб.

1. Абломкі дрэва, драўніны; хлуд, ламачча. Хутка нанасілі лам’я, расклалі вялізны агонь. Кулакоўскі.

2. Пабітыя, паламаныя рэчы; лом. Ачысціць двор ад лам’я.

ламі́на, ‑ы, ж.

1. Доўгі сухі прут, сухая галіна дрэва; палка. Сцебануць каня ламінаю.

2. Разм. пагард. Вялікая, нязграбная, малапрыгодная рэч. // перан. Высокі, грузны, няспрытны чалавек. [Мароз:] — Нікчэмны ты нейкі, маленькі. Не па росту. Па росту — ламіна добрая, а вот па думках — маленькі. Лобан.