лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)