Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́зусны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да казусу, з’яўляецца казусам. Казусны выпадак. Казусная справа.

казыра́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. казыраць ​2.

казыра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хадзіць з казырнай карты.

2. перан.; чым. Выстаўляць што‑н. як сваю перавагу; выхваляцца чым‑н. [Лабановіч] прыгадаў аднаго слуцкага рамізніка, які меў княжацкі тытул і ў крытычных выпадках казыраў ім. Колас. — А ты, хлопча, не дужа казырай сваімі ведамі, бо ведаеш усё гэта з газет. Скрыпка.

казыра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вітаць па-вайсковаму, прыкладваючы руку да казырка. Дзяўчына-яфрэйтар.. паказвала дарогу кожнай машыне і, спрытна перахапіўшы сцяжкі ў левую руку, казырала. Шамякін.

казырка́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікім казырком. Андрэйчыкаў Хведар.. выпрасіў у Васіля казыркастую флоцкую фуражку. М. Стральцоў.

казырко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да казырка, з казырком (у 1 знач.). Прыгладзіў узвіхраныя ветрам валасы, ускінуў на іх салдацкую казырковую шапку. Галавач.

казырну́ць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да казыраць ​1 (у 2 знач.).

казырну́ць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да казыраць ​2.

казы́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да козыра, з’яўляецца козырам. Казырная карта. Казырны туз.

казыро́к, ‑рка, м.

1. Шчыток у галаўным уборы, які выступае над ілбом; брыль (у 2 знач.). [Бондар] далонню падняў угару казырок.. шапкі і адкрыў высокі.. лоб. Чарнышэвіч. [Лёдзя] ледзь не наткнулася на каржакаватага хлопца ў кепцы з адарваным казырком і таму падобнай на берэт. Карпаў. // Шчыток, які надзяваецца без галаўнога ўбору, для аховы вачэй ад яркага святла.

2. Невялікі навес у чым‑н., над чым‑н. Спорны вясновы дожджык наляцеў знянацку і загнаў Паўла Гушчу пад казырок бліжэйшага пад’езда. Шыцік.

•••

Браць (узяць) пад казырок гл. браць.

казыры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм. Ганарыста паводзіць сябе перад кім‑н.; фанабэрыцца, выхваляцца. Хлопчыкі трохі казырыліся, рабілі выгляд, што да заўваг .. [Кацярыны Іванаўны] абыякавыя, дурэлі, але ўсё-такі не абсмейвалі. Лось. Барбутовіч проста застрашваў яго, каб дзядзька не надта казырыўся перад ім і на згоду пайшоў. Колас.

казыта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. казытаць і стан паводле знач. дзеясл. казытацца. Клаў [Аляксей Іванавіч] на мяккую далонь жоўтыя.. каласы, адчуваючы іх прыемнае казытанне. Шахавец. [Генька] ужо не мог стрымаць горкага казытання ў сваім носе. Паслядовіч.