кве́стар, ‑а, м.
1. Службовая асоба ў Старажытным Рыме, якая ажыццяўляла розныя дзяржаўныя функцыі: расследаванне цяжкіх злачынстваў, нагляд за казной і пад.
2. Загадчык адміністрацыйна-гаспадарчай часткі ў парламентах некаторых заходнееўрапейскіх краін.
3. Паліцэйскі чын у Італіі.
[Лац. quaestor.]
квет, ‑а, М квеце, м.
Паэт. Краска, кветка. Косы чорныя маўкліва Распусціла ноч па свеце, На лістку, на кожным квеце Волас звіс яе жычліва. Колас.
квета...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «кветка», напрыклад: кветаед, кветаножка, кветаложа.
кветае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Назва некаторых відаў жукоў, якія кормяцца бутонамі і кветкамі раслін. Яблыневы кветаед.
кветало́жа, ‑а, н.
Расшыраны верх кветаножкі, на якім размешчаны пялёсткі, песцікі і тычынкі кветкі.
кветано́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Частка сцябла, якая нясе кветку.
кветано́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае кветкі, дае кветкі. Кветаносныя расліны.
кве́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да кветка.
•••
Гэта яшчэ (толькі) кветачкі гл. гэта.
кве́тачніца 1, ‑ы, ж.
Работніца, якая вырабляе штучныя кветкі, а таксама прадаўшчыца кветак.
кве́тачніца 2, ‑ы, ж.
Муха, шкоднік сельскагаспадарчых раслін.
кве́тачны, ‑ая, ‑ае.
Прыгатаваны з кветак. Кветачны адэкалон. Кветачная эсенцыя.