казначэ́й, ‑я, м.
1. Асоба, якая ведае грашамі і каштоўнасцямі ўстановы, арганізацыі і захоўвае іх. Казначэй мясцовага камітэта.
2. У вайсковых часцях — асоба, якая ведае прыёмам, захаваннем і выдачай грашовага, рэчавага і тэхнічнага забеспячэння.
3. Асоба, якая загадвала казначэйствам у дарэвалюцыйнай Расіі.
казначэ́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да казначэя, казначэйства. Казначэйская пасада. Казначэйскі чыноўнік.
•••
Казначэйскія білеты гл. білет.
казначэ́йства, ‑а, н.
Урадавы фінансавы орган у дарэвалюцыйнай Расіі, які ведаў захаваннем, прыёмам і выдачай дзяржаўных сродкаў. Губернскае казначэйства. Галоўнае казначэйства.
казуа́р, ‑а, м.
Буйная чорная птушка з дужымі трохпальцымі нагамі, якая водзіцца ў Паўночнай Аўстраліі, на Новай Гвінеі і прылеглых астравах.
[Фр. casoar з малайск.]
казуі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Юрыст, вопытны і ўмелы ў разборы заблытаных, складаных судовых спраў, казусаў. // перан. Неадабр. Пра чалавека, які ўмее адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні.
казуі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. У юрыспрудэнцыі — прымяненне агульных артыкулаў закона да розных юрыдычных выпадкаў.
2. Кніжн. У сярэдневяковай схаластыцы і багаслоўі — прымяненне да асобных выпадкаў агульных дагматычных палажэнняў.
3. перан. Уменне адстойваць заблытаныя або фальшывыя палажэнні; кручкатворства.
[Ад лац. casus — выпадак.]
казуісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на казуістыцы. Казуістычная тэалогія. Казуістычныя тонкасці. □ — Ты ж, трэба аддаць табе справядлівасць, пытанні ставіў казуістычныя, — хваліць следчыцкі талент Янкі Андрэй. Колас.
казу́ля, ‑і, ж.
Парнакапытная жывёліна сямейства аленевых; дзікая каза. Вось выбегла на дарогу лёгкая, стройная, рыжая казуля, павяла вушамі, скокнула ўбок і знікла ў гушчары. Гурскі.
казуляня́, і казулянё, ‑няці; мн. казуляняты, ‑нят; м.
Дзіцяня казулі.
ка́зус, ‑у, м.
1. Складаная, заблытаная справа ў судовай практыцы.
2. Разм. Незвычайны, недарэчны выпадак. — А ў вайну са мной такі выйшаў казус, што чуць з сораму не згарэў... Ракітны.
[Лац. casus.]