бры́дкасць, ‑і. ж.
Уласцівасць брыдкага. З-за пуні прагучаў прарэзлівы свіст, а за ім паляцелі ліпкія сваёй брыдкасцю абразлівыя словы... Галавач. // Нізкі, подлы, ганебны ўчынак. Другі, каб у дастатку жыць. Гатовы брыдкасць хоць каму зрабіць. Корбан.
бры́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Непрыгожы з выгляду, гадкі. [Тапурыя:] — Асілкам..[селянін] не быў, але да работы быў здатным і з твару быў не брыдкі. Самуйлёнак. // Непрыемны, дрэнны. Брыдкі настрой. Брыдкі характар. □ Няўжо яшчэ працягваецца той брыдкі сон! Чарнышэвіч.
2. Паганы, ганебны, благі. Брыдкія паводзіны. □ Алімпе не хапала яшчэ таго, каб родная маці яе стала завадатаркай брыдкіх спраў. Сабаленка. Перад.. [Юркам] было сорамна, і сам сабе Цімка здаваўся брыдкім. Карпаў. // Непрыстойны, брудны, пахабны. Пайшлі па вёсцы пра Зосю брыдкія плёткі. Крапіва.
брыдо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.
1. Тое, што выклікае агіду; брыда (у 1 знач.). [Міхал:] — Дык так, Антось, пераязджаем, Апошні час тут дажываем. — Куды? — ў Парэчча, у балота?.. Бадай ты спрахла! от брыдота! Цягніся зноў, а глуш такая! — Антось Парэчча праклінае. Колас.
2. Непрыстойнасць, паскудства; брыдкі ўчынак. [Галя:] — А здараецца, якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае да цябе з усякімі брыдотамі. Лынькоў.
3. Брыда (у 2 знач.). — Пайшоў вон, брыдота! — крычала маці. Ваданосаў.
брыдо́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да брыдоты. Брыдотны выпадак.
брыдчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
Траціць прыгажосць, станавіцца брыдкім; проціл. прыгажэць.
брыёнія, ‑і, ж.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства гарбузовых; пярэступ.
брыёш, ‑ы, ж.
Здобная булачка асобай формы.
[Фр. brioche.]
брыжа́сты, ‑ая, ‑ае.
З брыжамі. // Які мае край, падобны на брыжы. Справа, як затока, выступала цёмная брыжастая сцяна бору. Якімовіч.
брыжы́, ‑оў; адз. няма.
Вузкая палоска тканіны, сабраная ў зборачкі, якой аздабляюць адзенне і інш. Тут ёсць абрус яе [Марынінай] работы З брыжамі белымі, як снег. Колас. // Тое, што сваёй формай нагадвае карункі. На рэчцы ледзяныя брыжы пачалі адставаць ад берагоў. Броўка. Цёмнымі лахматымі брыжамі абкідалі поле маладыя лясы-хвойнічкі. Гартны.
брыз, ‑у, м.
Слабы вецер, які дзьме днём з мора на бераг, а ноччу — з берага на мора.
[Фр. brise.]