кватэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кватэры (у 1 знач.). Кватэрная плата. Кватэрны гаспадар. Кватэрнае пытанне. // у знач. наз. кватэ́рныя, ‑ых. Грошы, якія выплачваюцца за найманне жылога памяшкання.
2. Звязаны з забеспячэннем войск памяшканнямі. Кватэрная часць. Кватэрнае размяшчэнне войск.
квач, ‑а, м.
1. Вялікі памазок з пакулля, рагожы і пад. для размазвання чаго‑н. па якой‑н. паверхні.
2. Дзіцячая гульня, па правілах якой адзін з гуляючых, дагнаўшы другога, павінен дакрануцца да яго. Дзеці гулялі ў квач, бегалі, перакульваліся, часта выбягалі на шашу. Пятніцкі.
ква́чык, ‑а, м.
Тое, што і квач (у 1 знач.); невялікі квач. [Сцёпка] ішоў па вуліцы, размахваў вядзерцам з клеем і канцом квачыка праводзіў па штыкецінах. Хомчанка.
квашані́на, ‑ы, ж.
Разм. Халадзец. Бабы ж ля печы завіхаюцца, частай і ветлівай гаворкай рассыпаюцца, цукрам пампушкі салодзяць, квашаніну разліваюць у міскі з усіх хутароў. Галавач.
ква́шанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. квасіць.
ква́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад квасіць.
2. у знач. прым. Атрыманы ў выніку квашання; кіслы. Квашанае малако. Квашаная капуста.
кве́рху, прысл.
Уверх. Падняліся кверху бровы, зморшчыўся лоб. Гартны.