кватара́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кватаранта, уласцівы яму. Кватаранцкае жыццё.
кватара́нцтва, ‑а, н.
Пражыванне на становішчы кватаранта. Лемяшэвіч не мог толькі дараваць .. [Арэшкіну] кватаранцтваў Снегірыхі і неўзабаве пасля размовы з самой Аксінняй Хвядосаўнай пагутарыў на гэту тэму і з ім. Шамякін.
кватар’е́р, ‑а, м.
Службовая асоба ў вайсковых часцях, якая пасылаецца ўперад пры перамяшчэнні войска для падрыхтоўкі кватэр, выбару бівакоў. Ля першых хат Барысава сустрэлі кватар’еры, якіх ён пасылаў наперад, і паведамілі, дзе размяшчаць людзей. Дудо.
[Ням. Quartierherr.]
кватар’е́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кватар’ера. Кватар’ерскія абавязкі.
кватарма́йстар, ‑тра, м.
Службовая асоба ў арміях некаторых краін і рускай арміі ў мінулым, якая займаецца размяшчэннем войск па кватэрах і забеспячэннем іх харчамі і фуражом.
[Ням. Quartiermeister.]
кватэ́ра, ‑ы, ж.
1. Частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад. Двухпакаёвая кватэра. □ Кватэра Белавуса не багата абстаўлена, але ўтульная і чыстая. Гурскі. // Жылое памяшканне, жыллё наогул. Вырашыць пытанне з кватэрай. // Памяшканне, якое часова наймаецца для жылля. Жыць на кватэры. Наймаць кватэру.
2. Уст. Лясніцтва, памяшканне, дзе жыў ляснічы. Міхал ступіў на двор кватэры З душою, згрызенай без меры. Колас.
3. толькі мн. (кватэ́ры, ‑тэр). Месца размяшчэння войск у населеным пункце. Размясціцца на зімнія кватэры.
•••
Галоўная кватэра (уст.) — месца прабывання галоўнакамандуючага і яго штаба ў час вайны; стаўка.
Стаць на кватэру гл. стаць.
[Ням. Quatier.]
кватэранайма́льнік, ‑а, м.
Той, хто наймае кватэру.
кватэранайма́льніца, ‑ы, ж.
Жан. да кватэранаймальнік.
кватэ́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Памянш.-ласк. да кватэра; невялікая кватэра.
кватэ́рка 2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Даўнейшая мера вадкіх або сыпкіх рэчываў, роўная чацвёртай частцы кварты (у 1 знач.). [Піліп] пры кожным зручным выпадку зводзіў гутарку на «кватэрку» гарэлкі. Колас. // Бутэлька або кубак гэтага аб’ёму.
кватэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кватэры (у 1 знач.). Кватэрная плата. Кватэрны гаспадар. Кватэрнае пытанне. // у знач. наз. кватэ́рныя, ‑ых. Грошы, якія выплачваюцца за найманне жылога памяшкання.
2. Звязаны з забеспячэннем войск памяшканнямі. Кватэрная часць. Кватэрнае размяшчэнне войск.