Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

засце́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Засланяць сабой.

засцерага́льнік, ‑а, м.

Прыстасаванне ў механізме, якое засцерагае ад небяспечных дзеянняў чаго‑н. Электрычны засцерагальнік.

засцерага́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для засцярогі ад чаго‑н. Засцерагальная прышчэпка. Засцерагальныя сігналы. Засцерагальны клапан.

засцерага́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. засцерагаць — засцерагчы.

засцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да засцерагчыся.

2. Зал. да засцерагаць.

засцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да засцерагчы.

засцерагчы́, ‑рагу, ‑ражаш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. засцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. засцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.

Загадзя прыняць меры, каб ахаваць каго‑, што‑н. ад небяспекі, непрыемнасцей і пад. Засцерагчы дзяцей ад хваробы. □ — Давай, — сказаў Дзіма, надзеючы акуляры ў металічнай аправе, каб засцерагчы вочы ад іскраў. Скрыпка. Цябе ў жыцці засцерагу Ад небяспек неспадзяваных. Матэвушаў. // З’явіцца аховай, сродкам абароны ад чаго‑н. Прафілактычныя мерапрыемствы засцераглі насельніцтва ад распаўсюджання хваробы.

засцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся; пр. засцярогся, ‑сцераглася, ‑лося; заг. засцеражыся; зак.

Засцерагчы сябе ад чаго‑н. Асістэнт зачыніўся ў сваёй кватэры і акурваў яе фармалінавымі ляпёшкамі, каб засцерагчыся ад заразы. Колас.

засці́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Разм. Раптоўна захапіць, застаць каго‑н. дзе‑н., у якім‑н. стане. Туравец, каб самалёты не засціглі яго на адкрытым месцы, заспяшаўся і хутка ўваліўся ў акопчык. Мележ. [Пётр] ішоў спяшаючыся, нібы баяўся, што спозніцца і тады не засцігне дома самога Мышкіна. Галавач.

за́сціл, ‑у, м.

Тое, што засцілае, закрывае сабой што‑н.; покрыва, заслона. Петраград застаўся з правага боку ў засціле шэрых хмар. Хведаровіч. Ужо зусім чорным стаў сухі верас на белым засціле мёрзлага снегу. Чорны.