расплю́шчыцца 1, ‑чыцца; зак.
Раскрыцца, адкрыцца (пра вочы). Пратасевіч убачыў, як пабляднеў увачавідкі .. твар [Рыты], як спужана расплюшчыліся вочы. Васілевіч. // Разамкнуцца (пра павекі). Павекі, здаецца, самі расплюшчыліся. М. Ткачоў.
расплю́шчыцца 2, ‑чыцца; зак.
Стаць плоскім ад удару, ціску. Дрот расплюшчыўся. // Расціснуцца ад цяжару, удару.
расплю́шчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.
Раскрыць, адкрыць (пра вочы). Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся. Колас. Колькі ляцеў я — не памятаю, А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. // Разамкнуць (пра павекі). [Кот] нехаця расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой Мышку. Шуцько. Апанаска расплюшчыў павекі: адчуў — нехта тармошыць яго, катурхае, штосьці незразумелае гаворыць. Даніленка.
расплю́шчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Моцна націснуўшы, ударыўшы чым‑н., зрабіць плоскім. Расплюшчыць манету. // Расціснуць, раструшчыць сваім цяжарам, ударам. Ні на шлюпцы не выратуешся, ні з коркавым поясам. Расплюшчыць аб гэту каменную сцяну. Б. Стральцоў. Пакуль снарад намацае на целе волата слабае месца, колькі фашыстаў змяце танк знішчальным агнём, расплюшчыць сваім шматтонным цяжарам. Беразняк.
расплява́цца, ‑плююся, ‑плюешся, ‑плюецца; зак.
Разм. Пачаць многа пляваць.
распляву́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Расказаць каму‑н. што‑н., чаго не след гаварыць. [Васіль:] — Толькі расплявузгайце каму, што самі зрабілі пажар, дык дулю атрымаеце, а не хлеў з жывёлай. Федасеенка.
распля́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Разм. Разбіць, размалаціць. [Ян Куцка:] — Усхадзіўся [Дзедзіха]. Пасудзіну такую распляжыў... Не было з ім такога. Пташнікаў.
распляска́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад распляскаць 1.
распляска́ны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распляскаць 2.
2. у знач. прым. Які распляскаўся 2, стаў плоскім; пляскаты. Міхаленя нахіліўся і падняў з-пад ног расплясканую галоўку.. снарада. Алешка.
распля́скацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць многа і доўга пляскаць.
распляска́цца 1, ‑пляшчу́ся, ‑пле́шчашся, ‑пле́шчацца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плешчучыся, праліцца цераз край; разліцца па якой‑н. паверхні. Дома .. [Ваўчка] усё злавала на гэты раз: лепшы сын абярнуў у кухні вядро з вадой, і Ваўчок даў яму моцнага плескача, жонка замарудзіла падаць свежае малако, і ён са злосцю вырваў у яе з рук кварту, палова малака распляскалася па падлозе. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Вывеў.. [Крамнёва] з нерашучасці стрэл на мосце і шырокі разліў белага святла, які імгненна распляскаўся па старых абымшэлых стрэхах, па чорных садах і агародах. Шашкоў.
2. Разм. Пачаць моцна і доўга пляскацца. Дзіця распляскалася ў ванне.
распляска́цца 2, ‑пле́шчацца; зак.
Расплюшчыцца.
распляска́ць 1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.
1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.
2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.
распляска́ць 2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.
Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.
расплята́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. расплятаць — расплесці.
расплята́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да расплесціся.
2. Зал. да расплятаць.