расплюшчыць 1, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., што.
Раскрыць, адкрыць (пра вочы). Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся. Колас. Колькі ляцеў я — не памятаю, А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Лынькоў. // Разамкнуць (пра павекі). [Кот] нехаця расплюшчыў павекі і ўбачыў перад сабой Мышку. Шуцько. Апанаска расплюшчыў павекі: адчуў — нехта тармошыць яго, катурхае, штосьці незразумелае гаворыць. Даніленка.
расплюшчыць 2, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Моцна націснуўшы, ударыўшы чым‑н., зрабіць плоскім. Расплюшчыць манету. // Расціснуць, раструшчыць сваім цяжарам, ударам. Ні на шлюпцы не выратуешся, ні з коркавым поясам. Расплюшчыць аб гэту каменную сцяну. Б. Стральцоў. Пакуль снарад намацае на целе волата слабае месца, колькі фашыстаў змяце танк знішчальным агнём, расплюшчыць сваім шматтонным цяжарам. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)