распляска́ць 1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.

2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.

распляска́ць 2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)