ква́керскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да квакера, квакераў, належыць ім. Квакерская абшчына.
ква́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да квакаць.
квакта́нне і квахта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. квактаць, квахтаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З усіх бакоў чуцён быў мышыны піск, квактанне жаб, шапаценне. Мурашка. Падыходзячы да сасняку, мы пачулі квахтанне глушцоў, пачулі, як яны пералятаюць з месца на месца — верныя адзнакі такавішча. Гавеман.
квакта́ць, квакчу, квокчаш, квокча і квахта́ць, квахчу, квохчаш, квохча; незак.
Ствараць кароткія адрывістыя гукі (пра курыц-квактух і некаторых іншых птушак). Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, і адна, надзьмутая і сярдзітая, упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым валлём. Чорны. Цішыня, толькі дзесьці квахтала курыца ды рохкалі ў хляве свінні. Хомчанка. // перан. Бурчаць, прыгаворваць. Старая квокча. □ Паклаўшы рукі на жывот, Шчасліва мама квокча: Загналі шмат мы ўсе нягод, Няхай міне іх хлопчык. Звонак.
квакту́ха і квахту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.
Курыца, якая выседжвае або водзіць куранят. Квактуха голасна квактала, А кураняткі чарадою Паслушна ўсюды йшлі за ёю. Колас. Вясною маці пазычыла некалькі густых яец і пасадзіла ў рэшаце квактуху. Грамовіч.
ква́кша, ‑ы, ж.
Лягушка сямейства бясхвостых земнаводных, якая жыве пераважна на дрэвах; дрэвавая лягушка.
квалітаты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Якасны. Квалітатыўныя змены.
[Лац. qualitativus ад qualitas — якасць.]
кваліфікава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае кваліфікацыю (у 2 знач.); умелы, вопытны. Кваліфікаваны рабочы. Кваліфікаваны ўрач. // Выкананы, зроблены ўмела, з веданнем справы. Кваліфікаваны пераклад. // Які патрабуе спецыяльных ведаў, падрыхтоўкі. Кваліфікаваная праца.
кваліфікава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак. і незак.
1. Атрымаць (атрымліваў) кваліфікацыю (у 3 знач.).
2. толькі незак. Зал. да кваліфікаваць.
кваліфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што.
1. Вызначыць (вызначаць), ацаніць (ацэньваць) якасць або ступень вартасці каго‑, чаго‑н. // Характарызаваць прадмет, адносіць яго да пэўнай групы. Кваліфікаваць злачынства.
2. Устанавіць (устанаўліваць) ступень падрыхтаванасці, годнасці да якой‑н. працы. Кваліфікаваць ступень падрыхтаванасці рабочых.
[Ням. qualifizieren.]