Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

засмалі́цца, ‑смоліцца; зак.

1. Паддацца засмолцы, засмольванню. Лодка добра засмалілася.

2. Пакрыцца, зацячы смалой. Не блішчыць ужо на сонцы сякера — яна ў смале і маладой сасновай кары; засмалілася тапарышча, стала чорнае. Пташнікаў.

засмалі́ць ​1, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак., што.

Заліць (апрацаваць) смалой. Засмаліць човен. Засмаліць канат. □ Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

засмалі́ць ​2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Закурыць, пускаючы многа дыму з папяросы. [Мікіта] пачаў набіваць люльку. — Ізноў засмаліў, аж не прадыхнуць. Скрыпка.

засмалі́ць ​3, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Ударыць з усёй сілы; заехаць. Засмаліць у вуха.

засмалі́ць ​4, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

Разм. Хутка пабегчы, паімчацца. — Павярнуўся тады я .. і як засмаліў, як налёг! Азірнуўся назад тады толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха. Колас.

засмарка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаць смаркацца.

засме́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да засмяяць.

засме́ціцца, ‑ціцца; зак.

Зрабіцца брудным, нячыстым ад смецця. Двор засмеціўся за зіму. // Страціць якасць, сапсавацца ад непатрэбных прымесей. Насенне засмецілася пустазеллем.

засме́ціць, ‑смечу, ‑смеціш, ‑смеціць; зак., што.

Запоўніць, забрудзіць смеццем. Засмеціць двор. Засмеціць падлогу. // Вырасшы ў вялікай колькасці, заглушыць іншыя расліны (пра пустазелле). Пустазелле засмеціла пасевы. // Сапсаваць непатрэбнымі прымесямі.

засме́чанасць, ‑і, ж.

Стан засмечанага. Засмечанасць насення.

засме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад засмеціць.

2. у знач. прым. Сапсаваны непатрэбнымі прымесямі; нячысты. Засмечанае насенне. Засмечаная мова.

засме́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. засмечваць — засмеціць і стан паводле знач. дзеясл. засмечвацца — засмеціцца.

засме́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да засмеціцца.

2. Зал. да засмечваць.