Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

заслязі́цца, ‑зіцца; зак.

Пачаць слязіцца. // Напоўніцца слязамі. І можа ад яго, ад ветру, заслязіліся вочы. Шамякін.

засляпі́цца, ‑сляплюся, ‑слепішся, ‑слепіцца; зак.

Абл. Заплюшчыць вочы; зажмурыцца. Спачатку хаваліся Марына і Ала, а Гэлька шукала іх. Потым прыйшла Марынчына чарга. — Засляпіся, — закамандавалі ёй сяброўкі. — Каб мы паспелі добра схавацца. Лужанін.

засляпі́ць, ‑сляплю, ‑слепіш, ‑слепіць; зак., што.

Разм. Пазбавіць магчымасці бачыць; асляпіць. Магутны ўдар Арцёма Світкі некуды пад казырок каменданту засляпіў яму вочы. Пестрак. / у безас. ужыв. Бляскам агністым засляпіла вочы. Мурашка.

засляпля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да засляпіць.

засма́глы,

гл. засмяглы.

засма́гнуць,

гл. засмягнуць.

засма́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад засмажыць.

засма́жыцца, ‑жыцца; зак.

Прыгатавацца ў выніку смажання (пра страву). Мяса добра засмажылася.

засма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Прыгатаваць для яды смажаннем. Засмажыць гусака. □ Антаніна Міхайлаўна засмажыла грыбы, шчодра заправіла іх смятанай. Колас.

засмакта́ць ​1, ‑смокча; зак., каго-што.

Уцягнуць, увабраць у сябе (пра багну, пясок і пад.). Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйнай травою; ступі — і не выберашся, зацягне, засмокча навек. Мележ. // перан. Уцягнуць у сваё асяроддзе, узяць пад сваю ўладу. Засмактала, закружыла жыццёвая віхура хлапчыну з глухога кутка па-над Віліяй. Мехаў.

засмакта́ць ​2, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак.

Разм. Пачаць смактаць.