Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

зарэгістрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Запісацца, адзначыцца для ўліку; стаць на ўлік. Зарэгістравацца ў сакратара. // Дакументальна аформіць свой шлюб. Зарэгістравацца ў загсе.

зарэгістрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Запісаць, адзначыць для ўліку, для прыдання законнай сілы і пад.; узяць на ўлік. Зарэгістраваць удзельнічаў нарады. Зарэгістраваць шлюб. Зарэгістраваць падземныя штуршкі.

зарэ́з, ‑у, м.

Спец. Забой жывёлы на мяса. Выбракоўка жывёлы на зарэз.

•••

Да зарэзу — крайне, надзвычайна (патрэбна, неабходна).

зарэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

Зарэзаць сябе (нажом, брытвай і пад.). А смерць — пачварная бабуля — Сама зарэжацца касой! Бялевіч.

зарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Забіць нажом, кінжалам і пад. Генрык Візэнер спыніў абстрэл, агідліва плюнуў, выцер хустачкай рукі, нібы сам ён уласнымі рукамі зарэзаў усіх гэтых людзей, што засталіся ляжаць на полі. Шамякін. // Забіць на мяса (свойскую жывёліну). Зарэзаць парсюка. // Разм. Загрызці (пра драпежных жывёл). Васіль.. гаварыў, што ў Хвойным воўк сярод белага дня зарэзаў авечку. Мележ.

2. Разм. Зрабіць зарэзку, выемку на чым‑н. Зарэзаць вугал у бервяне.

3. Зрабіць зарэз, надрэз глыбей або далей, чым трэба. Зарэзаць за лінію. □ — А вось ты, браток, — звяртаецца [Дзераш] да аднаго хлапца, што рабіў зарубку шпал, — не гэтак робіш. Вунь глядзі: зарэзаў нажоўкай зашмат. І нахіл у зарубцы не такі зрабіў — не роўны. Трэба ж на адну дваццатую рабіць, як вучыў... Шынклер.

4. перан. Разм. Паставіць у бязвыхаднае становішча, зрабіць непрыемнасць; загубіць. [Баяновіч:] У нас была надзея, што Азорыч Дастане весткі, выручыць з бяды... Зарэзаў ён мяне! Глебка.

5. перан. Разм. Даўшы нізкую ацэнку (твору), не дапусціць да друку. Зарэзаць кнігу. Зарэзаць артыкул. // Паставіць дрэнную адзнаку на экзамене. Зарэзаць на экзаменах.

•••

Без нажа зарэзаць — дапячы каму‑н. прыдзіркамі, папрокамі, загадамі; зрабіць невыносным становішча.

Хоць зарэж(це) — што б там ні было, ні ў якім разе. — Не, і на такі крок я не здольны. Хоць зарэж. Васілевіч.

зарэзервава́ць, ‑рвую, ‑рвуеш, ‑рвуе; зак., каго-што.

Пакінуць, захаваць у рэзерве. Зарэзерваваць зямельны ўчастак. Зарэзерваваць сродкі.

зарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Надрэз, выемка, зробленыя на якой‑н. паверхні нажом, пілой і пад. З сянец вынесла пілу і сякеру Варка. Удваіх яны перапілавалі слуп, зрабілі зарэзкі для жэрдак. М. Стральцоў.

зарэкамендава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго.

Паказаць, праявіць сябе з якога‑н., звычайна станоўчага, боку. Дубовік, які толькі месяц яшчэ працуе на пагрузцы, зарэкамендаваў сябе .. як сумленны работнік. Чарнышэвіч.

зарэкамендо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зарэкамендаваць.

зарэтушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; зак., што.

Пакрыць рэтушшу; падправіць (відарыс) шляхам рэтушоўкі.