зарэзаць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Забіць нажом, кінжалам і пад. Генрык Візэнер спыніў абстрэл, агідліва плюнуў, выцер хустачкай рукі, нібы сам ён уласнымі рукамі зарэзаў усіх гэтых людзей, што засталіся ляжаць на полі. Шамякін. // Забіць на мяса (свойскую жывёліну). Зарэзаць парсюка. // Разм. Загрызці (пра драпежных жывёл). Васіль.. гаварыў, што ў Хвойным воўк сярод белага дня зарэзаў авечку. Мележ.

2. Разм. Зрабіць зарэзку, выемку на чым‑н. Зарэзаць вугал у бервяне.

3. Зрабіць зарэз, надрэз глыбей або далей, чым трэба. Зарэзаць за лінію. ▪ — А вось ты, браток, — звяртаецца [Дзераш] да аднаго хлапца, што рабіў зарубку шпал, — не гэтак робіш. Вунь глядзі: зарэзаў нажоўкай зашмат. І нахіл у зарубцы не такі зрабіў — не роўны. Трэба ж на адну дваццатую рабіць, як вучыў... Шынклер.

4. перан. Разм. Паставіць у бязвыхаднае становішча, зрабіць непрыемнасць; загубіць. [Баяновіч:] У нас была надзея, што Азорыч Дастане весткі, выручыць з бяды... Зарэзаў ён мяне! Глебка.

5. перан. Разм. Даўшы нізкую ацэнку (твору), не дапусціць да друку. Зарэзаць кнігу. Зарэзаць артыкул. // Паставіць дрэнную адзнаку на экзамене. Зарэзаць на экзаменах.

•••

Без нажа зарэзаць — дапячы каму‑н. прыдзіркамі, папрокамі, загадамі; зрабіць невыносным становішча.

Хоць зарэж(це) — што б там ні было, ні ў якім разе. — Не, і на такі крок я не здольны. Хоць зарэж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)