Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

заса́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Запэцкаць чым‑н. тлустым; зашмальцаваць. Засаліць фартух.

засалі́ць, ‑салю́, ‑со́ліш, ‑со́ліць; зак., што.

Нарыхтаваць у запас, заліўшы расолам або пасыпаўшы соллю; пасаліць. Засаліць грыбы.

засаля́цца, ‑яецца.

Незак. да засаліцца.

засапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. засоп, ‑сапла, ‑ло; зак.

Разм. Пачаць сапці. // Прасапці. Апанас засоп носам і сціх. Пестрак.

засапці́ся, ‑пуся, ‑пешся, ‑пецца; ‑пёмся, ‑пяцеся; пр. засопся, ‑саплася, ‑лося; зак.

Разм. Пачаць цяжка і шумна дыхаць (ад скорай хады, цяжкай хваробы і пад.). Дзед Мікіта толькі што вярнуўся з рыбы. Відаць, ён спяшаўся.., бо моцна засопся. Колас. Алесь прывалок два вялізныя кашы бульбы, засопся, пачаў дзьмухаць на расчырванелыя рукі. Чарнышэвіч.

засарамаці́ць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго.

Разм. Тое, што і засароміць. — Аляксандрава жонка падумала была пагуляць, але мы яе засарамацілі; кінула, дачку гадуе і на сяле благога не гавораць пра нашу сям’ю. Мікуліч.

засаро́мецца, ‑меюся, ‑меешся, ‑меецца і засаро́міцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак., каго-чаго і без дап.

Адчуць сорам, няёмкасць перад кім‑н. або за каго‑, што‑н. Дуся пырснула смехам і чамусьці засаромелася — лоб і шчокі яе пакрыліся чырванню. Кулакоўскі. [Жанчыны] ўраз прыціхлі, засароміліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці. Шамякін.

засаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; каго.

Выклікаць пачуццё сораму, няёмкасці. Засароміць дзіця. □ Брудная будзённая адзежа, у якой ён быў адзеты, запылены твар .. засаромілі Сёмку. Гартны.

засаро́мленасць, ‑і, ж.

Стан засаромленага. Дзявочая засаромленасць.

засаро́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад засароміць.

2. у знач. прым. Які засароміўся; збянтэжаны. Засаромленая, [Нэлька] ніяк не магла падняць галавы. Ракітны.

засары́цца, ‑сорыцца; зак.

Зрабіцца засораным. Страўнік засарыўся.