Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каўчукано́с, ‑а, м.

Расліна, з млечнага соку якой здабываецца каўчук.

каўчукано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца каўчуканосам. Каўчуканоснае дрэва. Каўчуканосныя расліны.

каўчэ́г, ‑а, м.

1. Судна, у якім, згодна з біблейскім паданнем, выратаваўся ад «сусветнага патопу» Ной з сям’ёй і жывёлай.

2. У праваслаўнай царкве — скрынка для захоўвання асабліва каштоўных рэчаў; скарбонка.

каўшо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каўша. // Забяспечаны каўшом, каўшамі. Каўшовы экскаватар.

кафалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Сусветны, усеагульны (эпітэт праваслаўнай царквы).

[Ад грэч. katholikós — з іншым вымаўленнем, чым каталіцкі.]

ка́федра, ‑ы, ж.

1. Узвышэнне, памост для лектара або прамоўцы. Узысці на кафедру. □ Толькі кафедра ў выглядзе невялічкай тумбачкі была бедна абшыта паркалёвай матэрыяй, такога, як і плюш, колеру. Грамовіч. Леў Раманавіч стаў за кафедру і доўга не мог гаварыць ад хвалявання. Асіпенка.

2. Аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе СССР. Кафедра гісторыі. Кафедра педагогікі. Пасяджэнне кафедры. Загадчык кафедры.

3. Пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа).

4. Тое, што і кафедральны сабор (гл. сабор). Зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. Чорны.

[Ад грэч. kathédra — сядзенне.]

кафедра́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кафедры (у 3 знач.).

•••

Кафедральны сабор гл. сабор.

кафеі́н, ‑у, м.

Рэчыва, якое змяшчаецца ў зярнятах кофе, чайным лісці (скарыстоўваецца ў медыцыне як стымулятар дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы).

[Лац. coffeinum.]

кафе́йнік, ‑а, м.

Пасудзіна для варкі або падачы кофе. Алюмініевы кафейнік. Фарфоравы кафейнік. □ Вялізнае падвоканне замяняла стол. На ім стаяў кафейнік у карычневых падцёках. Караткевіч.

кафе́йніца, ‑ы, ж.

1. Банка або каробка для захоўвання кофе.

2. Ручны млынок для размолвання кафейнага зерня.