уві́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць увішнога; жвавасць, спрытнасць. Суседзі па кватэры палюбілі Марынку за яе жвавасць, увішнасць і пасябравалі з ёй. Хадкевіч. Васіліна са старым Макарам Дубовікам, якія ў гэты час былі ля кухні, нават здзівіліся гэткай увішнасці гаспадароў. Сабаленка.
увішны́, ‑ая, ‑ое.
1. Жвавы, спрытны ў рухах, у дзеянні. Увішны ў рабоце. □ Мая гаспадыня была ўвішная, рухавая кабета, нягледзячы на свае пяць дзесяткаў год. М. Стральцоў. Ішла [Ліда] чамусьці занадта павольна, хоць звычайна была вельмі порсткая, увішная. Кулакоўскі. У новай Тэклінай хаце ўвішныя жанчыны ўжо расстаўлялі на сталах пачастункі. Краўчанка. / Пра жывёл, птушак. Зрэдку папісквалі, пырхаючы з галінкі на галінку, увішныя каралькі. Паслядовіч. // Уласцівы такому чалавеку; спрытны. [Хлопец] так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў. Увішная постаць .. [Анатоля] мільганула ў праёме дзвярэй. Хадкевіч. Аксеня аж здзівілася: «Хутка робіш, хутка... Рукі твае ўвішныя...» Пестрак. // Хуткі, спорны. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем. Ракітны. Увішная хада адбірала сілы. Пад цяжарам гнулася галава, і Тышкевіч амаль не бачыў, куды ідзе. Асіпенка. // Паваротлівы, вёрткі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі. Мележ.
2. перан. Вынаходлівы, хітры. Хусейн праявіў сябе хітрым, выкрутлівым і ўвішным палітыкам. В. Вольскі.
уво́гуле, прысл.
1. Разглядаючы цалкам, не звяртаючы ўвагі на дробязі, прыватнае. [Палкоўнік:] — Тут сёння цяжка, а ўвогуле справы нашы ідуць вельмі добра. Новікаў. Федзя думаў аб тым, што Алесь і Валодзя ўвогуле добрыя хлопцы. Ваданосаў.
2. Заўсёды, ва ўсіх выпадках; зусім. [Стэфе] хацелася, каб свята ўвогуле не было. Савіцкі. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес. Няхай.
3. Ужываецца ў значэнні абагульняючага слова перад заключэннем, вывадам, падагульненнем. — Не, я больш не буду, — прыгубіўшы шклянку, адсунуў яе ад сябе Ваўчок. — Ды і ўвогуле ўжо хопіць, пара, мне здаецца, і па спачын. Хадкевіч.
4. у знач. пабочн. У цэлым, у выніку. [Люба:] — Не дрэнны, увогуле, хлопец, і далікатны і ўважлівы. Лынькоў. Увогуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Гартны.
уво́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. уводзіць — увесці (у 1, 2 знач.).
2. Прыстасаванне для правядзення куды‑н. унутр электрычных, тэлефонных правадоў, газавых труб і пад.
уво́ддалі, прысл. і прыназ.
1. прысл. Няблізка, на адлегласці, воддаль. Чорнай сцяной высіцца ўводдалі хвойнік. Бядуля. З высокага пагорка лашчыў вока чароўны далягляд, аблямаваны ўводдалі сінім паскам лесу. Рамановіч. Вось .. замільгалі ўводдалі цьмяныя агеньчыкі горада. Сяргейчык. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Баль быў грандыёзны. З усяго наваколля .. былі гасцямі паны і падпанкі. Быў і той княжыч. Але ён сядзеў, весяліўся ўводдалі ад княжны. Сабаленка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уводдалі» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго‑, чаго‑н. няблізка, па адлегласці, воддаль ад каго‑, чаго‑н. На ўскраіне ў гэты час, навокал машын, акрытых брызентамі, і ўводдалі іх, у дазорах, стаяць .. напагатове лётчыкі атрада. Самуйлёнак.
уво́дзіны, ‑аў; адз. няма.
1. Уступная, пачатковая частка чаго‑н.; уступ. Уводзіны да падручніка. □ Уводзіны ў артыкул крыху зацягнутыя. «ЛіМ».
2. у што. Раздзел навукі, у якім раскрываюцца асноўныя паняцці гэтай павукі. Уводзіны ў мовазнаўства.
3. Уст. Увядзенне парадзіхі з дзіцём у царкву і пачастунак у сувязі з гэтым. Пазвалі кума і куму на ўводзіны.
уво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Незак. да увесціся.
2. Уст. Ісці ў царкву з дзіцём на ўводзіны (у 3 знач.). Маладзіцы мелі розныя тэрміны: каму трэба было «уводзіцца» каля сёмухі, каму каля Пятра, каму на каляды, а хто яшчэ і зусім не вытрымаў свой тэрмін. Колас.
3. Зал. да уводзіць.
уво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Незак. да увесці.
уво́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць увядзеннем у што‑н.; уступны. Уводная частка ўрока. Уводная экспазіцыя выстаўкі.
2. Змешчаны ўнутры чаго‑н.; устаўны. Уводныя эпізоды ў рамане. Уводныя ролі ў п’есе.
3. Які служыць для ўводу (у 2 знач.). Уводная адтуліна.
•••
Уводны ліст — акт, які складаецца судовымі органамі пры ўводзе каго‑н. у карыстанне ўладаннем.
уво́з, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. увозіць — увезці.
2. Агульная колькасць або кошт тавараў, завезеных у краіну з-за мяжы; імпарт; проціл. вываз.