Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трапло́, ‑а, н.

1. Прылада, пры дапамозе якой трэплюць лён. З траплом у руцэ ў старой, старой адрыне стаю ля плоймы лёну на калу. Машара.

2. перан. Разм. Чалавек, які гаворыць лухту, бязглуздзіца; многа гаворыць. — Ну і трапло ты, Ваня, першы раз чалавека ўбачыў, а такое гаворыш, — абураецца яго сусед. «Звязда».

трапля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да трапіцца.

2. Зал. да трапляць.

трапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да трапіць.

тра́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць трапнага. Трапнасць удару. Трапнасць стральбы. Трапнасць слова. □ Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў. Колас. У апавяданні «Андрэй Лятун» дыялогі займаюць даволі значнае месца і вызначаюцца сцісласцю і трапнасцю, а часамі, як у камічнай спрэчцы чыгуначнікаў, многагалоссем. Гіст. бел. сав. літ.

тра́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае здольнасць беспамылкова пападаць у цэль. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Накіраваны ў цэль. Другі раз .. [Яська] цэліўся нядоўга, і зноў стрэл быў трапны, бо газ таксама саскочыў з цвіка. Хомчанка. // Які без промаху пападае ў цэль (пра зброю, снарад і пад.). Ад трапнай ад снайперскай кулі тваёй Палезла нямала фашыстаў крывавых. Астрэйка. Ад трапных гранат уздрыгваюць земляныя каптуры бункераў. Брыль.

2. перан. Які дакладна і правільна падмячае, схоплівае што‑н. [Рэферэнт:] — Нават у дурняў бываюць трапныя думкі, апрача «жалезнай логікі». Машара. // Які дакладна і востра выражае, перадае асноўную сутнасць з’явы і пад. Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас. Адзін з першых крытыкаў і даследчыкаў нашай літаратуры Максім Багдановіч .. зрабіў вельмі трапнае назіранне, што «па-першае, гэта белетрыстыка ідзе ў народ і, па-другое, што яна ідзе з народа». С. Александровіч.

трапята́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. трапятаць.

трапята́цца, ‑пячуся, ‑печашся, ‑пачацца; незак.

1. Тое, што і трапятаць (у 1, 2 знач.). Пушысты звярок трапятаўся ў яго руках, бо хлапец, мусіць, душыў яго за горла. Самуйлёнак. У руках [Нічыпар] нёс кацялок з плоткамі. Яны трапяталіся ў вадзе, плёхаліся, як малыя дзеці. Баранавых.

2. перан. Старацца, намагацца рабіць што‑н. [Карызна] трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо. Зарэцкі. // Супраціўляцца. Глядзіць Грамабой, як нудзіцца Яначка .. Няхай натоміцца Яначка, лягчэй тады Грамабою будзе ўзяць яго сваімі заграбастымі рукамі. Не так трапятацца будзе. Крапіва.

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

трапяткі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы. Трапяткая асіна. □ Бяроза лісцем трапяткім Мне не ківае пад акном. Астрэйка. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, пад трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Грахоўскі. Лёгкі ветрык пасеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісце, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі. Шахавец. // Які гойдаецца, трапеча (пра хвалі, ваду і пад.). На трапяткой плыні ракі, да самага Аксенімага ганка, месяц высцілаў роўную малочную дарожку. Ракітны. // Мігатлівы, няроўны (пра полымя, святло). Падсвечнік стаяў на слупку ля печы, таму кволае трапяткое святло амаль што раўнамерна расплывалася па ўсёй хаце. Кулакоўскі. Агонь з печы кідаў на .. твар [маці] трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. / Пра зоркі. Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім. Сіўцоў. На спакойнай сіні нябёсаў загарэліся першыя трапяткія зоркі. Бяганская. // Які бесперапынна ўздрыгвае, рухаецца. [Мятлік] быў блізка ўжо зусім, .. [Стэфка] бачыла нават сінія крайчыкі яго трапяткіх крыльцаў. Савіцкі. // Які ўзмоцнена, часта пульсуе, б’ецца (пра сэрца); часты, напружаны (пра дыханне, пульс і пад.). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам. Гарбук. З трапяткім сэрцам .. [Барташэвіч] падышоў да генеральскай брамкі. Карпюк. // Перарывісты, няроўны, дрыжачы (пра голас, гук). — Саша! Саша! — крычаў над ім Юткевіч трапяткім устурбаваным і разам з тым радасным шэптам. — Мы выратаваны, Саша. Мікуліч.

2. Ахоплены моцным хваляваннем пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця; усхваляваны. А я нёс .. [Мальвіну], лёгкую і трапяткую, жадаючы аднаго: каб гэта канава цягнулася да самай вёскі... Сачанка. А .. [Вера], гнуткая і трапяткая, уздрыгнула ўсім целам, рукамі абвіла .. шыю [Смірына]. Алешка. Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і .. [Міхаліна] змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея. Шамякін. // Які выражае хваляванне. Хацелася [Івану] растварыцца, знікнуць у трапяткіх абдымках [дзяўчыны], сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай. Быкаў. Потым моцна сціснуў [Артур] пад сталом .. трапяткую гарачую руку [Іны]. Ваданосаў. // Поўны душэўнага хвалявання. Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў. Панчанка. З пачуццём трапяткім, нібы ўслед за юнацтвам сваім, Крок у крок я за імі [камсамольцамі] ішоў, падпяваючы ім. Куляшоў. // перан. Прасякнуты шчырасцю, сардэчнасцю. Каб соль не страціла Ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, .. На свеце існуе Мастацтва. Дзяргай. [Захар Крымянец] хадзіў і думаў: «Дзе ж вы, людзі, пераступаўшыя праз гэты парог? Дзе ты, чалавеча, чыя рука вывела гэтыя трапяткія словы: «Памру, але не здамся ненавіснікам чалавечага роду!» Лынькоў.

3. Разм. Жвавы, бадзёры, рухавы. Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы. Навуменка. / Пра птушак, жывёл і пад. Купаюцца ў прасторах блакітнага неба, спяваючы радасную песню жыцця, трапяткія жаваранкі. Сяргейчык.

трапятлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і трапяткі (у 1 знач.). [Васіль і Марына] селі на .. [калоду], пад трапятлівую засень таполі, прасвечанай зіхоткімі пералівамі месячнага святла. «ЛіМ».