ката́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Ездзіць на чым‑н., у чым‑н. дзеля прагулку забавы або для практыкавання. Катацца на каньках. Катацца на санках. Катацца вярхом. □ Назаўтра Коля ўсю раніцу катаўся па кватэры, а калі на дарозе траплялася мама, ён моцна званіў і крычаў: — Сцеражыся! Веласіпед! Арабей.
2. Разм. Шмат разоў, часта ездзіць куды‑н.; раз’язджаць. Зноў катаецца .. [Бразгоўка] за кааператыўны кошт па тых жа пакручастых сцежках-дарожках, толькі ў другім ужо раёне. Вірня.
ката́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Вазіць на чым‑н. дзеля прагулкі, забавы. Катаць на машыне. Катаць на веласіпедзе. □ Бацька, стары неапалітанскі рыбак, меў лодку, на якой не столькі рыбачыў, колькі катаў на ўзмор’і турыстаў. Лынькоў.
2. Вазіць, перамяшчаць тое, што рухаецца пры дапамозе колаў. На гэтай дарожцы бабулі чамусьці любяць катаць каляскі з дзецьмі. Шамякін. [Юрка] доўга цешыўся сваім возікам, катаў яго па двары, пакуль не выйшла з хаты маці. Кулакоўскі.
каташо́к, ‑шка, м.
Памянш.-ласк. да катах; маленькі катах.
катлава́н, ‑а, м.
Выемка ў грунце, прыгатаваная для закладкі фундамента якога‑н. збудавання. Катлаван пад галоўны корпус электрастанцыі. □ Кожнай брыгадзе выдаваліся лапаты, усе накіроўваліся на адзін аб’ект — капаць катлаваны для падмуркаў пад інтэрнат. Грахоўскі.
катлаві́на, ‑ы, ж.
Паглыбленне, упадзіна на паверхні зямлі з пакатым спускам. Высеўка падрабязна расказваў нам пра возера Нарач, якое ляжыць у маляўнічай катлавіне. Гурскі. Справа добра відаць бераг Афрыкі, злева — зусім недалёка Тарыфа з белымі дамочкамі ў катлавіне. Мележ.
катлаві́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катлавіны, размешчаны ў катлавіне. Катлавінныя азёры.
катле́та, ‑ы, ДМ ‑леце, ж.
Страва з мяснога або рыбнага фаршу, запечанага ў форме прадаўгаватага піражка. Пячы катлеты. Мяса на катлеты. // Такая ж страва з агародніны або кашы. Бульбяныя катлеты. Маркоўныя катлеты. Рысавыя катлеты.
•••
Адбіўная катлета — рэберная костачка з мясам, адбітым і спечаным.
[Фр. côtelette.]
катле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Памянш. да катлета; невялікая катлета.
катле́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катлеты, прызначаны для катлет. Катлетнае мяса.
катло́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да катла (у 1, 2 знач.).