Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

катава́сія, ‑і, ж.

1. Песнапенне, што выконваецца абодвума клірасамі, якія для гэтага сыходзяцца разам на сярэдзіну царквы.

2. перан. Беспарадак, мітусня, неразбярыха. Паразумнеў надта малады народ, не слухаюць старэйшых. Ад гэтага і пайшла катавасія на свеце. Колас.

катава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да катаваць.

катава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Моцна, балюча біць, жорстка мучыць. Вядома, Як допыт чыняць там паны, Як б’юць, катуюць, гнуць і ломяць, Як вінавацяць без віны. Колас. Катавалі [зняволеных] гумовымі кіямі, шампаламі, прыкладамі, калолі іголкамі, расціскалі пальцы дзвярамі. Паслядовіч. // перан. Дакараць, прымушаць пакутаваць, мучыцца. — То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохі? Чорны.

катаклі́зм, ‑у, м.

Кніжн. Нечаканы разбуральны пераварот у прыродзе або сацыяльным жыцці; катастрофа. Вулканічныя катаклізмы. Рэвалюцыйны катаклізм.

[Ад грэч. kataklysmos — паводка, патоп.]

катако́мбы, ‑аў; адз. катакомба, ‑ы, ж.

У Старажытным Рыме і іншых гарадах Рымскай імперыі — падзямеллі ў выглядзе доўгіх і вузкіх калідораў, якія служылі для першых хрысціян сховішчам, месцам набажэнства і пахавання. // Падзямеллі, пячоры з вузкімі і доўгімі хадамі.

[Іт. catacomba.]

каталагізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да каталагізаваць.

каталагізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Завесці (заносіць) у каталог. Каталагізаваць новую літаратуру.

каталагіза́тар, ‑а, м.

Складальнік каталога.

каталагіза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. каталагізаваць.

катала́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Разм. пагард. Турма, арыштанцкая, месца зняволення. Вядзе Данілу зноў канвой У каталажку ў дом астрожны. Колас. Там, у паліцэйскай каталажцы, здарылася тое, чаго Юрый баяўся. Навуменка.

[Ад «каталаж» замест «такелаж» — снасці, памяшканне для іх на судне.]