Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

касця́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Ігральны кубік або пласцінка; косць (у 4 знач.). У чырвоных кутках ляскалі касцяшкі даміно, перагортваліся свежыя газеты і часопісы, разбіраліся шахматныя задачы і разгадваліся красворды. Грахоўскі.

2. Шарык на лічыльніках; костачка (у 5 знач.). Пяцівочка прыўзняў лічыльнікі, скінуўшы касцяшкі на адзін бок. «Маладосць».

касы́, а́я, ‑о́е і ко́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны, накіраваны пад вуглом да гарызантальнай паверхні; не адвесны. Касы лівень. □ Вось жанчыны дайшлі да рога вуліцы, і касы барвовы промень сонца ўдарыў ім у вочы. Мікуліч. Ішоў косы сцюдзёны дождж, на ветры разбіваўся і плыў несканчоным туманам. Скрыган. // Які ідзе нахільна да прамой лініі, перасякае што‑н. наўскос. Касы почырк. Сшытак у касую лінейку. □ Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Накіраваны ўбок, які ідзе збоку. Касы пагляд.

2. Скрыўлены, перакошаны, несіметрычны. Струхнелыя, абклееныя старымі афішамі, з касымі вокнамі і дзвярамі дамы нагадваюць катакомбы. Філімонаў. // Размешчаны збоку, не ў цэнтры. Касы каўнер. Насы прабор валасоў.

3. Касавокі. Услед за ім [Зосіным бацькам] пераступіў парог Васіль Бераг, малады і моцны, але.. сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары. Гартны. // Які глядзіць коса, косіць (пра вочы). Уласюк пагладзіў свае пышныя, чорныя вусы, зірнуў на Лабановіча касымі вачамі. Колас.

4. перан. Недружалюбны, падазроны, недаверлівы (пра позірк, погляд). [Містэр Лаяна] бачыў і панурыя твары, і касыя позіркі, і тлеючыя аганькі нянавісці ў апушчаных вачах. Лынькоў.

5. у знач. наз. касы́, ‑ога, м. Разм. Заяц. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Мікола ўсміхнуўся — пашанцавала касому! Краўчанка.

•••

Касы парус гл. парус.

Касы трохвугольнік гл. трохвугольнік.

Касы сажань у плячах гл. сажань.

У касы сажань ростам гл. сажань.

касы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Хусцінка трохвугольнай формы, якую носяць на галаве або на шыі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку. Ваданосаў. На шыі ў Волечкі была стракатая маміна касынка. Арабей.

касьба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. касіць (у 1 знач.); кашэнне. Касьба канюшыны. □ Раніцою жанчына застала Уладзіміра Ільіча за касьбой — гэта была яго ранішняя гарадка. Гурскі.

2. Пара, калі косяць травы; касавіца. Прайшоў гадок, мінуў другі, Ў касьбу запахлі мурагі. Колас. З чэрвеня на ліпень лугі губляюць краскі. З чэрвеня на ліпень у Грыпях касьба. Пташнікаў.

кася́к 1, а́, м.

1. Разм. Тое, што і вушак. Віктар адышоў да дзвярэй, прытуліўся плячамі да касяка, дастаючы стрыжанай галавой да самай столі. Шамякін.

2. Пра косы, косавугольны або размешчаны коса прадмет. Апрануты .. [Жан] быў у новенькі, адпрасаваны, моднага крою карычневы касцюм з касяком белай хусцінкі ў кішэньцы на грудзях. Новікаў. Унізе плыве вялізны жоўты касяк калгаснай грэчкі. Краўчанка.

3. у знач. прысл. касяко́м. Коса, наўскасяк. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект. Гартны.

кася́к 2, а́, м.

1. Гурт кабыл з адным жарабком.

2. Чарада птушак, рыб. Гусцела імгла, а белыя касякі гусей яшчэ не вылазілі з рэчкі. Пташнікаў. Вада чыстая, празрыстая, і з байдаркі добра відаць, як цэлыя касякі маленькіх рыбак жвава і весела мітусяцца над пясчаным дном. В. Вольскі. // у знач. прысл. касяко́м, касяка́мі. У вялікай колькасці, вялікімі групамі. Шчасце ходзіць у адзіночку, гора плыве касяком. Асіпенка. Плылі сузор’і касякамі ў небе — І мы закінулі на шчасце невад. Блатун.

касяну́ць,

гл. касануць.

касячо́к 1, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да касяк ​1. // Невялікая металічная набойка на абцас. Падбіваць касячкі.

касячо́к 2, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да касяк ​2.

кат, ката, М каце; мн. каты, ‑аў; м.

Асоба, якая прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор, ўчыняе кару, катуе. — Не, няхай вешаюць. Да віселіцы буду ісці з паднятай галавой, і пакуль кат пакіне пятлю на шыю, шмат чаго паспею сказаць людзям, якіх, відаць, прыгоняць глядзець на маю смерць. Шахавец. З’явіліся два здаравенныя каты і сталі каля дзвярэй, спадылба паглядаючы на старога, чакаючы каманды, каб накінуцца на ахвяру. Гурскі. // перан. Жорсткі мучыцель, прыгнятальнік. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат... Купала. Жандарскі палкоўнік, вядомы кат па ўсёй акрузе, быў ужо схоплен і ўкінуты ў пограб. Чарот.

катава́льня, ‑і, ж.

Тое, што і засценак ​1. Для цябе [Міхал] былі падрыхтаваны пасткі, катавальні. На цябе былі нацэлены боты, зброя патрулёў і вартавых. Карпаў.

катава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. катаваць.

2. звычайна мн. (катава́нні, ‑яў). Жорсткія фізічныя здзекі, пакуты. Сустрэча са сваім чалавекам, які ў гэтых засценках, пасля ўсіх перанесеных катаванняў, здаваўся яшчэ больш блізкім, надала сілы Святлане. Шахавец. Стары вытрымаў здзекі і катаванне, нічога не сказаў, нікога не выдаў. Новікаў.