кастры́чнік, ‑а, м.
1. Дзесяты месяц каляндарнага года. Быў цёплы кастрычнік. Бярозы ў залатым убранні кланяліся цягніку. Шамякін.
2. (з вялікай літары). Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя 1917 г., а таксама яе гадавіна 7 лістапада. Перамога Кастрычніка. Свята Кастрычніка.
кастры́чніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кастрычніка (у 1 знач.), уласцівы яму. Кастрычніцкія дажджы. □ Ужо вечарэла — кастрычніцкія дні кароткія. Новікаў.
2. Які мае адносіны да Кастрычніка. Кастрычніцкія святы. Кастрычніцкі парад.
касты́ль, ‑я, м.
1. Апора для чалавека бяз ног або з хворымі нагамі; мыліца. Абаперціся на кастыль. Хадзіць на кастылях. □ Стаў дзядок пад акном, З плечаў торбы вісяць, Бок падпёр кастылём. Купала.
2. Металічны шпень, які забіваецца ў шпалу для прымацавання да яе рэйкі. Саромеючыся, Мікалай расказаў: — Працую на чыгунцы ў рамонце... Забіваем кастылі, ну, такія вялікія цвікі, якімі трымаецца рэйка на шпалах. Карпюк.
кастыля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Разм. Хадзіць, ісці на кастылях.
кастэля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жанчына, якая ведае бялізнай (у інтэрнаце, гасцініцы, бальніцы і пад.).
кастэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
Халодная зброя ў выглядзе металічнай пласціны з адтулінамі, якая надзяваецца на пальцы і заціскаецца ў кулаку для павелічэння сілы ўдару.
[Фр. casse-tête (літаральна «разбі галаву».)]
касу́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм. Тое, што і касавурыцца. У воласці Янук і Міхалка крыху касурыліся адзін на аднаго — вядома ж, пры дзяльбе. Бядуля.
касу́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Разм. Тое, што і касавурыць. Касурыць вочы.
касхалва́, ‑ы, ж.
Сорт халвы з грэцкіх арэхаў на мёдзе.
[Ад тур. koz і араб. helvasa.]
касце́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да касцёла, належыць яму. Касцельныя званы. Касцельная вежа. Касцельны служка. □ Кажуць, што даўней гэта быў касцельны дом. Ён памятае яшчэ ўніятаў на Беларусі, царызм, кароткачасовую ўладу немцаў. Машара.