напе́радзе, прысл. і прыназ.
1. прысл. На нейкай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Наперадзе быў фронт. □ Наперадзе, праз паўкіламетра, шлях браўся направа. Мележ. Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе. Лынькоў. // Паперадзе іншых, перад кім‑, чым‑н. Перад апошнім домам машына, што ішла наперадзе, спынілася. Паслядовіч. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Матцы хочацца бачыць сваё дзіця ў людскім авангардзе, наперадзе. Ермаловіч. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды. Танк.
2. прысл. У будучым. Наперадзе цэлае жыццё. У яго ўсё наперадзе. □ Наперадзе многа дарог І шмат далячынь. Колас. // Аб тым, што яшчэ будзе. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Чарнышэвіч. Спяшацца асабліва не было чаго, бо прымчалі хутка і дзень быў яшчэ наперадзе. Кулакоўскі.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «наперадзе» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на некаторай адлегласці перад якімі хто‑, што‑н. знаходзіцца. Наперадзе палка над галовамі салдат плыў у паветры штандар. Самуйлёнак.
наперазніма́ць і напераздыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Перазняць вялікую колькасць чаго‑н. Наперазнімаць планаў.
наперакіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Перакінуць цераз што‑н., перамясціць на іншае месца вялікую колькасць чаго‑н. Наперакідаць дроў цераз плот.
наперакі́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Тое, што і наперакідаць.
напераклада́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Перакласці на іншае месца значную колькасць чаго‑н. Наперакладаць кніг з аднаго стала на другі.
напераклада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Перакласці на іншую мову або перадаць іншымі сродкамі значную колькасць чаго‑н. Наперакладаць вершаў.
наперако́р,
1. прысл. Не так, як жадалі, хацелі, чакалі; насуперак. Зрабіць наперакор. □ Так за ўсё жыццё Юзэфа і не сказала мужу слова наперакор. Броўка.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперакор» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з’явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што‑н. адбываецца. Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жадання бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. Шамякін. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.
наперако́с, прысл.
Разм.
1. Коса ў адносінах да чаго‑н. Дзверы пайшлі наперакос.
2. перан. Не так, як трэба, як заўсёды. Прыгожа і ў дастатку жыў Глінчакоў. А пасля вайны ўсё пайшло ў яго неяк наперакос. Ракітны. Дзяўчына была сумная, думала аб тым, што яе жыццё пайшло наперакос. Навуменка.
наперало́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Пераламаць многа чаго‑н. Напераломваць галля.
наперало́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Тое, што і напераломваць.
напераме́нку, прысл.
Разм. Змяняючы адзін аднаго, па чарзе. Аркестры іграюць напераменку. Гарэцкі. — Тут толькі прарэзаць дзірку наскрозь цяжка будзе, — сказаў.. [Іван]. — Нічога! Я табе памагу, — падтрымаў Арцём. — Будзем, рэзаць напераменку. Ставер.