Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ава́нсам, прысл.

Наперад, загадзя, у лік будучага. Атрымаць авансам сто рублёў. □ Можна авансам Прапець славу Новаму году. Танк. Да якасці здымкаў ніхто з іх не прыдзіраўся, нават дзякавалі авансам. Брыль.

авансцэ́на, ‑ы, ж.

Пярэдняя, адкрытая частка тэатральнай сцэны, крыху высунутая ў глядзельную залу. У змроку авансцэны Прагучаў акторскі голас. Глебка. Трыбуна стаяла з процілеглага ад Івана Паўлавіча боку і была крыху ссунута на авансцэну. Місько.

[Фр. avant-scène.]

аванту́ра, ‑ы, ж.

1. Рызыкоўная беспрынцыповая падазроная справа, распачатая без уліку рэальных умоў і сіл з надзеяй на выпадковы поспех. Ваенная авантура. Палітычная авантура. □ Ёсць вайна — авантура, якая задавальняе інтарэсы дынастыі, апетыты грабежніцкай шайкі, мэты герояў капіталістычнай нажывы. Ёсць вайна — і гэта адзіная законная вайна ў капіталістычным грамадстве — супроць прыгнятальнікаў і занявольнікаў народа. Ленін.

2. Сварка, скандал. — Трэба бегчы з гэтай кватэры. Вернуцца гаспадары і ўчыняць нам авантуру... Прокша.

[Фр. aventure.]

аванту́рнік, ‑а, м.

Тое, што і авантурыст.

аванту́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкоўнымі, падазронымі справамі.

2. Багаты на прыгоды, прыгодніцкі. Авантурны раман.

авантуры́зм, ‑у, м.

Дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках, накіраваных на дасягненне лёгкага поспеху, выгады; схільнасць да авантур. Сацыял-дэмакраты, вядома, нічога не могуць мець супроць таго, каб паўстаўшы мужык «дабіў да канца памешчыка», адабраў у яго ўсю зямлю, але яны не могуць удавацца ў авантурызм у пралетарскай праграме, не могуць засланяць класавай барацьбы супроць уласнікаў ружовымі перспектывамі такіх перабудоў землеўладання (хоць бы і дэмакратычных перабудоў), якія акажуцца толькі перасоўваннем класаў або разрадаў уласнікаў. Ленін.

авантуры́н, ‑у, м.

Разнастайнасць дробназярністага кварцу; мінерал, які ужываецца для ўпрыгожанняў і мастацкіх вырабаў.

[Фр. aventurine.]

авантуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Беспрынцыповы дзялок, прайдзісвет. [Чарнавус:] Гэта непаразуменне, што вы дырэктар установы. Вы — прайдзісвет і авантурыст! Крапіва. [Мяснікоў:] Мы і будзем змагацца! Толькі без панікі і не як авантурысты, а па ўсіх правілах ваеннай і партыйнай навукі. Мележ.

авантуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да авантурыст.

авантурысты́чны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на авантурызме, уласцівы авантурыстам. Авантурыстычная палітыка імперыялізму.