Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аб’я́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да аб’яўнік.

абяца́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Абяцанне (часцей нявыкананае). [Тапурыя:] — Цара-такі прагналі, але вольнасць народу багатыя не далі, ашукалі народ абяцанкамі... Самуйлёнак. Сымон жа крыўду дзён спазнаў, Цану спазнаў ён абяцанкам. Броўка. Абяцанка — цацанка, а дурню радасць. Прыказка.

•••

Абяцанкамі карміць гл. карміць.

абяца́нне, ‑я, н.

1. Дабравольнае абавязацельства зрабіць што‑н. Даць, выканаць абяцанне. Урачыстае абяцанне. □ Аксён моцна паціснуў руку настаўніку і пайшоў дадому, даўшы абяцанне вучыцца. Колас. Абяцанне было нялёгкае, і будаўнікі рабілі ўсё, каб стрымаць сваё слова. Краўчанка.

2. Абавязацельства, прынятае паводле рэлігійных перакананняў.

абяца́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абяцаць.

абяца́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак. і незак.

Тое, што і абяцаць. Другі раз абяцаўся.. [Сухавараў] прыйсці з гітарай, бо панна Ядвіся яго вельмі прасіла. Колас.

абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.

2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.

•••

Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.

авадзе́нь, ‑дня, м.

Двухкрылае насякомае, лічынкі якога паразітуюць у целе жывёл. А авадні, як рой пчаліны, Сляпіцай лезуць да скаціны. Колас.

аваднёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да авадня, аваднёў. Аваднёвая інвазія.

ава́л, ‑а, м.

Фігура, утвораная замкнутай крывой, якая нагадвае форму падоўжанага разрэзу яйца. Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнясцямі. Колас.

[Фр. ovale.]

авало́данне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. авалодваць — авалодаць.