Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскла́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да раскласціся ​1.

2. Зал. да раскладваць.

раскла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскласці ​1.

раскла́дзены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскласці ​1.

раскла́дзены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскласці ​2.

раскла́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Шырокі, разложысты. Шандыбовіч пацягнуў сябе за раскладзістую рыжую бараду, спачатку за адну палавіну, потым за другую. Кулакоўскі.

раскла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць ​1 — раскласці ​1.

2. Планавае размеркаванне каго‑, чаго‑н. На сходзе за бацюшку галасавалі, каб ён увайшоў у камісію па падліку і раскладцы падаткаў. Чарот. — У нас дагэтуль па закону, па раскладцы... А ці так жа можна, каб такое свавольства? Лынькоў.

раскладны́, ‑ая, ‑ое.

Такі, які можна разлажыць, рассунуць, разагнуць у месцах згібаў. Раскладны стол. Раскладное вудзільна. □ Чаго толькі няма ў тым буданчыку! Тут і раскладныя лесвіцы, з дапамогай якіх увосень збіраюць яблыкі, і няскончаны рамачны вулей, які майструе дзед Мірон, і розны інструмент. Даніленка.

раскладу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Лёгкі раскладны ложак. Заснула на раскладушцы Наташа, упусціўшы на траву кнігу і звесіўшы руку. Шамякін.

раскла́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да раскланяцца.

раскла́няцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Пакланіцца (звычайна пры сустрэчы або расставанні). Вось Максім падышоў да Ніны Шумейкі. Раскланяўся, падаў руку, смешна выварочваючы локаць. Асіпенка. // Адказаць паклонамі на прывітанні, апладысменты публікі. Артыст раскланяўся і пайшоў за кулісы.

раскла́сці 1, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Пакласці асобна адно ад другога, размясціць па розных месцах. Раскласці яблыкі па кішэнях. □ [Балерын] сам расклаў яешню на тры мелкія талеркі, накроіў хлеба. Якімовіч. [Віктар і Мірон].. расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі. Маўр. // Пакласці ў пэўным парадку. Раскласці пасьянс. Раскласці бібліяграфічныя карткі па алфавіту.

2. Разгарнуўшы, расправіўшы, палажыць на што‑н. Раскласці падручнік. Раскласці карту. // Разгарнуць што‑н. складное, раскладное. Раскласці крэсла. □ Планшэтку можна было раскласці, як сшытак, а потым скласці назад і зашпіліць на раменьчык. Кудравец.

3. Склаўшы гаручы матэрыял, запаліць; развесці (агонь). Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць... С. Александровіч.

4. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н. Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Караткевіч.

раскла́сці 2, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.

Раздзяліць на састаўныя часткі, элементы. Раскласці ваду на кісларод і вадарод. Раскласці вокіс ртуці. Раскласці лік на множнікі.