раскла́сці 1, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.
1. Пакласці асобна адно ад другога, размясціць па розных месцах. Раскласці яблыкі па кішэнях. □ [Балерын] сам расклаў яешню на тры мелкія талеркі, накроіў хлеба. Якімовіч. [Віктар і Мірон].. расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі. Маўр. // Пакласці ў пэўным парадку. Раскласці пасьянс. Раскласці бібліяграфічныя карткі па алфавіту.
2. Разгарнуўшы, расправіўшы, палажыць на што‑н. Раскласці падручнік. Раскласці карту. // Разгарнуць што‑н. складное, раскладное. Раскласці крэсла. □ Планшэтку можна было раскласці, як сшытак, а потым скласці назад і зашпіліць на раменьчык. Кудравец.
3. Склаўшы гаручы матэрыял, запаліць; развесці (агонь). Назбіраўшы яшчэ сушняку, Міколка з дзедам расклалі невялікі агонь. Лынькоў. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць... С. Александровіч.
4. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н. Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Караткевіч.
раскла́сці 2, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; зак., што.
Раздзяліць на састаўныя часткі, элементы. Раскласці ваду на кісларод і вадарод. Раскласці вокіс ртуці. Раскласці лік на множнікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)