Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэманстрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да дэманстраваць (у 2 знач.).

дэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Прымаць удзел у дэманстрацыі (у 1 знач.). Сымон Чуйка тады, калі была дэманстрацыя ў гарадку, таксама быў там. Ён дэманстраваў разам з усімі. Чорны.

2. што. Паказваць што‑н. публічна, наглядным спосабам. Дэманстраваць новы кінафільм. Дэманстраваць свае дасягненні на выстаўцы. □ Давялося з вобласці запрасіць лектараў, якія адразу ж перад людзьмі дэманстравалі працэс абнаўлення абразоў, растлумачвалі недарэчнасць боскіх пісьмаў. Сабаленка. // Знарок падкрэсліваць, выстаўляць напаказ што‑н. Калі паміж Васілём і Аўгінняю вынікалі нелады, Аўгіння на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Міхал зразумеў, што тут яму не рады, баяцца яго і нават дэманструюць сваю непрыязнасць. Карпаў.

3. што. Сведчыць пра што‑н., паказваць сабой на што‑н. Дзяржаўны бюджэт Савецкага Саюза наглядна дэманструе перавагі сацыялістычнай сістэмы гаспадаркі перад капіталістычнай.

дэманстра́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Удзельнік дэманстрацыі (у 1 знач.). Усё было спынена рухам дэманстрантаў — трамваі, аўтобусы, таксі. Мікуліч.

дэманстра́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да дэманстрант.

дэманстра́тар, ‑а, м.

Той, хто паказвае, дэманструе што‑н.

дэманстраты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Задзірлівы, знарок падкрэслены. Дэманстратыўны адказ. Дэманстратыўныя паводзіны.

2. Звязаны з дэманстрацыяй (у 5 знач.). — Паслаць групу пад.. камандай [Майбарады] на той бераг. Так? Яна зойдзе ў тыл, нападзе на батарэю... — Наробіць шуму. Пачне дэманстратыўную атаку. Шамякін.

дэманстрацы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дэманстрацыі (у 1 знач.). Дэманстрацыйная калона. □ [Рыгор] пачаў падбіваць рабочых на рашучасць, на дэманстрацыйнае выступленне. Гартны.

2. Заснаваны на паказе, на дэманстрацыі (у 2 знач.). Дэманстрацыйны метад выкладання. // Прызначаны для дэманстрацыі (у 2 знач.). Дэманстрацыйная зала. Дэманстрацыйныя ўстаноўкі.

3. Тое, што і дэманстратыўны (у 1 знач.). Дзед Піліп змоўк і з дэманстрацыйнай безуважнасцю закурыў сваю.. піпку. Зарэцкі.

дэманстра́цыя, ‑і, ж.

1. Масавае шэсце для выражэння якіх‑н. грамадска-палітычных настрояў. Першамайская дэманстрацыя. Дэманстрацыя пратэсту супроць вайны. □ Рабочыя пачынаюць пераходзіць ад эканамічных стачак да стачак палітычных, да арганізацыі палітычных дэманстрацый пад баявым лозунгам «Далоў самадзяржаўе!». «Полымя».

2. Нагляднае азнаямленне з чым‑н., публічны наказ чаго‑н. Дэманстрацыя кінафільмаў. Дэманстрацыя экспанатаў на выстаўцы. Спалучыць тлумачэнне з дэманстрацыяй доследаў.

3. Дзеянні, учынкі і пад., якія выражаюць пратэст супроць каго‑н.; задзірлівыя паводзіны. Гэта выйшла, як і хацеў таго Гунава, падкрэслена непрыязна. Але Сімон, які зразумеў дэманстрацыю Гунавы, зрабіў такі выгляд, што нічога непрыемнага ў гэтым для сябе не бачыць. Самуйлёнак. Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучала ўскосная дэманстрацыя супроць Рыгора. Гартны.

4. Праяўленне, сведчанне чаго‑н. Выбары ў Саветы з’яўляюцца велічнай дэманстрацыяй адзінства і згуртаванасці савецкага народа.

5. Ваенная аперацыя, якая мае на мэце адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару.

[Ад лац. demonastratio — паказванне.]

дэманта́ж, ‑у, м.

Разборка машын, станкоў, абсталявання і інш. пры рамонце або перамяшчэнні іх на новае месца.

[Фр. démontage.]

дэманта́жнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца дэмантажом.