дэманстраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Прымаць удзел у дэманстрацыі (у 1 знач.). Сымон Чуйка тады, калі была дэманстрацыя ў гарадку, таксама быў там. Ён дэманстраваў разам з усімі. Чорны.
2. што. Паказваць што‑н. публічна, наглядным спосабам. Дэманстраваць новы кінафільм. Дэманстраваць свае дасягненні на выстаўцы. ▪ Давялося з вобласці запрасіць лектараў, якія адразу ж перад людзьмі дэманстравалі працэс абнаўлення абразоў, растлумачвалі недарэчнасць боскіх пісьмаў. Сабаленка. // Знарок падкрэсліваць, выстаўляць напаказ што‑н. Калі паміж Васілём і Аўгінняю вынікалі нелады, Аўгіння на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Міхал зразумеў, што тут яму не рады, баяцца яго і нават дэманструюць сваю непрыязнасць. Карпаў.
3. што. Сведчыць пра што‑н., паказваць сабой на што‑н. Дзяржаўны бюджэт Савецкага Саюза наглядна дэманструе перавагі сацыялістычнай сістэмы гаспадаркі перад капіталістычнай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)