Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

касаваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Мужчынская кашуля са стаячым каўняром, які зашпільваецца збоку. Дзверы адчыніў сам Кляновіч у расшпіленай цёмна-сіняй вышытай на каўняры касаваротцы. Пестрак.

касава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі касы. Касаваты позірк. □ Васіль .. ссунуўся з касаватага пня, прылёг на бугарку з сухіх сасновых шыпулек. Кулакоўскі.

касава́цца, касуецца; незак.

1. Зал. да касаваць.

2. Разм. Знікаць, траціцца. Рэдка здараецца, што мяжа паміж перакладам і арыгіналам касуецца. Лужанін.

3. Абл. Бянтэжыцца, губляцца. Маленькія вочкі .. [Грыгарца] ўжо замасліліся, але ён не пасаваўся перад чаркамі і ліў іх, як у бочку. Колас.

касава́ць, касую, касуеш, касуе; незак., што.

1. Выкрэсліваць, закрэсліваць. [Сымон] борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.

2. Адмяняць, ліквідаваць, спыняць дзеянне чаго‑н. Касаваць пастанову. Касаваць дагавор. Касаваць шлюб. □ — І каб дзядзю Мішу далі права, што дазваляць, а што касаваць, — умяшаўся ў размову Смаляк, — ён зруйнаваў бы ўсе стадыёны і спорт-пляцоўкі. Паслядовіч.

3. Пераглядаць, апратэстоўваць рашэнне суда ў касацыйным парадку.

4. Абл. Рабіць непрыкметным, адсоўваць на задні план. Дзеці — два шустрыя, чарнявыя хлапчукі — напалавіну касавалі бяду. Навуменка.

касаві́льна, ‑а, н.

Абл. Кассё. Толік узышоў на загон, паставіў касу, утыркнуўшы яе касавільнам у зямлю, узяў у руку мянташку. Капыловіч.

касаві́ца, ‑ы, ж.

Час касьбы. За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. У самую касавіцу выдалася добрае надвор’е, што рэдка бывае, бо звычайна дождж ідзе не тады, як просяць, а як косяць. Якімовіч. // Кашэнне траў, збажыны. Час такі, што жыта красуе, а касавіцу пачынаць ранавата. Лупсякоў.

касаво́касць, ‑і, ж.

Стан вачэй, пры якім зрэнкі накіраваны ў розныя бакі.

касаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З касымі вачамі; які мае касавокасць. Адзін [чалавек] чарнявы, плячысты, з пышнымі чорнымі вусамі, крыху касавокі: адно вока пазірала, як кажуць, на Маскву, другое на Варшаву. Колас. // у знач. наз. касаво́кі, ‑ага, м. Пра зайца. Спіць касавокі і сніць, Быццам сабакі гоняць. Хведаровіч.

касаву́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм.

1. Глядзець скоса, убок; касіцца. Даведаўшыся, што Віктар едзе ў Зарэцкую МТС, .. [Рыгор] доўга тлумачыў, як лепш, туды ехаць, і ўсё неадабральна касавурыўся на дзверы кабінета Гардзеева. Даніленка. Аж да самага калгаса буланчык усё яшчэ недаверліва касавурыўся і трывожна стрыг вушамі. Якімовіч.

2. перан. Адносіцца недружалюбна, падазрона, варожа. Касавурыўся на .. [Зараніка] хіба адзін Ваўчок, які ўсё яшчэ лічыў, што мінулагодні нарыс Зараніка і выступленне Паходні .. падарвалі славу МТС. Хадкевіч. — Бачыш, як на цябе касавурыцца родная дачка, дарма што і падарунак здагадаўся за тры гады прывезці. Васілевіч.

касаву́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Разм. Глядзець коса, убок; касіць вочы. Льга было заўважыць, што Кірыла толькі што атрымаў «Залатую Зорку», бо ён сам яшчэ не звыкся з ёю і час ад часу касавурыў вочы на высокую ўзнагароду. Гурскі. Гэты дзядзька зрэдку касавурыў на яго сваё бяльмастае вока і чагосьці падміргваў цётцы. Лынькоў. Крылаты драпежнік паступова суцішыўся, толькі зрэдку касавурыў на хлопчыкаў пукатыя шкельцы вачэй. Беразняк.