Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дывізіённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дывізіёна. Дывізіённая артылерыя.

дывізі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дывізіі. Лістоўкі заклікалі салдат арганізоўваць ротныя, батальённыя, палкавыя дывізійныя камітэты. «Весці».

дыві́зія, ‑і, ж.

Буйное вайсковае злучэнне з некалькіх палкоў або брыгад у розных відах узброеных сіл. Пяхотная дывізія. Танкавая дывізія. Кавалерыйская дывізія. Паветрана-дэсантная дывізія. // У ВМФ СССР — найбольшае тактычнае злучэнне караблёў аднаго класа.

[Фр. division.]

дыгра́ф, ‑а, м.

Спец. Двухзнакавая літара (дж, дз), якая ўжываецца для перадачы на пісьмо адпаведных гукаў.

дыдакты́зм, ‑у, м.

Кніжн. Павучальнасць. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка. [Канец] байкі не выклікае смеху і ўспрымаецца як голы дыдактызм. Пестрак.

дыда́ктык, ‑а, м.

Спецыяліст па дыдактыцы (у 1 знач.).

дыда́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Раздзел педагогікі, у якім абгрунтоўваюцца змест, метады і формы навучання.

2. Кніжн. Тое, што і дыдактызм.

[Ад грэч. didaktikos — павучальны.]

дыдакты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дыдактыкі (у 1 знач.). Дыдактычныя прынцыпы.

2. Павучальны. Дыдактычны тон. // Які мае характар павучання. Дыдактычная літаратура. Дыдактычная паэма.

дыёд, ‑а, м.

Электронная лямпа з двума электродамі, а таксама адпаведны ёй паўправадніковы прыбор.

дыёптр, ‑а, м.

Прыстасаванне для навядзення на які‑н. прадмет геадэзічных інструментаў, не забяспечаных падзорнай трубой.

[Ад грэч. dioptron — люстра.]