Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ды́ктар, ‑а, м.

Супрацоўнік радыё або тэлебачання, які чытае тэкст перад мікрафонам. Дыктар чытаў палымяна, выразна вымаўляючы кожнае слова. Дудо. Спакойны знаёмы голас дыктара перадаваў важнейшыя падзеі за папярэдні дзень. Паслядовіч.

[Ад лац. dictor — той, хто гаворыць.]

ды́ктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да дыктар.

ды́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыктара, уласцівы яму. Дыктарскі тэкст. Дыктарскі голас.

дыкта́т, ‑у, М ‑таце, м.

1. У міжнародным праве — несправядлівае пагадненне, дагавор, абавязацельства, навязаныя адной дзяржавай другой супроць яе волі.

2. Палітыка навязвання сваіх умоў, патрабаванняў моцнай краінай больш слабай краіне. Палітыка дыктату і дыскрымінацыі.

[Ням. Diktat з лац.]

дыкта́тар, ‑а, м.

1. Асоба, якая карыстаецца неабмежаванай уладай у кіраванні дзяржавай. // перан. Пра таго, хто ігнаруе калегіяльнасць, дапускае грубае адміністраванне.

2. У Старажытным Рыме — службовая асоба, якая прызначалася сенатам у выпадку знешняй або ўнутранай небяспекі для дзяржавы і мела неабмежаваныя паўнамоцтвы.

[Лац. dictator.]

дыкта́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыктатара, уласцівы яму. Дыктатарская ўлада. Дыктатарскія паўнамоцтвы.

дыкта́тарства, ‑а, н.

1. Знаходжанне ва ўладзе ў якасці дыктатара.

2. Паводзіны дыктатара. Дыктатарскія замашкі.

дыкта́тарстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

1. Быць дыктатарам.

2. Весці сябе як дыктатар.

дыктату́ра, ‑ы, ж.

1. Дзяржаўная ўлада, якая апіраецца на сілу пануючага класа. Ваенная дыктатура. Дыктатура буржуазіі.

2. У Старажытным Рыме — паўнамоцтвы, улада дыктатара; час панавання дыктатара.

•••

Дыктатура пралетарыяту — дзяржаўная ўлада рабочага класа, які перамог у сацыялістычнай рэвалюцыі.

дыктафо́н, ‑а, м.

Апарат для запісу вуснай мовы з мэтай узнаўлення яе пры неабходнасці.

[Ад лац. dictō — дыктую і грэч. phōn — голас.]