дымавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да дыму. Дымавы слуп. // Прызначаны для ўтварэння воблака, заслоны з дыму. Дымавая шашка. Дымавы патрон.
•••
Дымавая заслона гл. заслона.
дымага́рны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: дымагарныя трубы гл. труба.
дыма́р, ‑а, м.
Прылада для акурвання пчол дымам. [Міхалка] рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам, насыпаў у дымар гнілушак і падпаліў іх, надзеў сетку. Якімовіч.
дымарфі́зм, ‑у, м.
1. Наяўнасць у аднаго і таго ж віду жывёл дзвюх розных форм, напрыклад, адрозненне самцоў і самак (палавы дымарфізм), адрозненне ў афарбоўцы адных і тых жа жывёл у розную пару года (сезонны дымарфізм).
2. Наяўнасць у аднаго віду раслін дзвюх форм або наяўнасць у адной расліны якога‑н. органа дваякай формы (напрыклад, рознай формы мужчынскіх і жаночых суквеццяў у кукурузы).
3. Уласцівасць некаторых рэчываў існаваць у дзвюх розных крышталічных формах.
[Ад грэч. di(s) — двойчы і morphē — форма.]
дымахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Канал з вогнетрывалага матэрыялу для адводу дыму з печы (з топкі) у комін. Павел узлез на печ, выняў з коміна цагліну, усунуў у дзірку руку і абмацаў дымаход. Чарнышэвіч.
дымахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дымахода. Дымаходная адтуліна.
дыме́ць, ‑міць; незак.
Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Кожны дзень зранку .. дыміць паравоза. Пестрак. Адзін танк стаяў нерухома і густа дымеў. Мележ. / у безас. ужыв. У майстэрні дымела з коміна. Гартны. // Вылучаць, выпускаць пару. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.
дымі́на, ‑ы, ж.
У выразе: у дыміну — тое, што і у дым (гл. дым).
дымі́цца, ‑міцца; незак.
Выпускаць дым; тлець, вылучаючы дым. Дымяцца трубы заводаў і фабрык. □ У зубах .. [бацькі] дымілася люлька, на галаве красаваўся саламяны капялюш. Гамолка. Ад моста засталіся толькі абгарэлыя палі, дыміўся яшчэ ўцалелы насціл ля самага берага. Лынькоў. // Вылучаць пару. На стале дыміліся талеркі з супам. Пестрак. Пасля дажджу пацела, Дымілася зямля. Калачынскі. // Падымацца клубамі (пра туман, пару). Сырая зямля дыміцца лёгкаю параю — падсыхае. Якімовіч.
дымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Да прыстані па рацэ ідзе пасажырскі параход. Ён густа дыміць, папераджальна гудзе і грыміць лопасцямі вінта ў вадзе. Галавач. Святла нідзе не было, толькі ў адзінокім доме дыміла газніца з меднай гільзы, а людзей была поўная хата, як зачыніць. Няхай. // Прапускаць дым праз шчыліны (пра печ, комін і пад.). Печ дыміць. □ Гудзе, падвывае вецер. Буржуйка спалохана ўсхліпвае, дыміць. Асіпенка.
2. чым і без дап. Курыць, пускаючы многа дыму. Сцяпан сядзеў за сталом і дыміў папяросай. Кудравец.