драпе́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць драпежнага. Рыжая, як агонь, барада і такія ж валасы, маленькія хітрыя вочкі сведчылі аб жорсткасці і драпежнасці .. [Віркавай] натуры. Колас.
драпе́жнік, ‑а, м.
1. Драпежная жывёліна. Лясныя драпежнікі. □ Не даўшы падорліку апамятацца, сіваграк узняўся вышэй і кінуўся на драпежніка зверху, збіваючы яго з курсу і адганяючы ад ялін. В. Вольскі. А колькі жукоў-плывунцоў, гэтых драпежнікаў, што знішчаюць рыбіных малькоў. Чарнышэвіч.
2. перан. Пра чужаземных захопнікаў, жорсткіх эксплуататараў і пад. — Нас пагналі буржуі, багатыры, дваране, тыя самыя прадстаўніка багатых класаў, у чыіх руках была ўлада, тыя самыя драпежнікі, што выцягалі з нас жылы і без вайны. Колас. За войны, на якія не скупілася першая палова гэтага стагоддзя, драпежнікі, уварваўшыся часова на нашу зямлю, рабавалі яе, як маглі. Дуброўскі.
3. перан. Пра таго, хто па-грабежніцку адносіцца да агульнага дабра, скарыстоўвае яго для асабістай нажывы.
драпе́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да драпежніка (у 1 знач.), уласцівы яму. Драпежніцкія воўчыя звычкі. Звярыны драпежніцкі нораў.
2. Накіраваны на захоп, аграбленне каго‑, чаго‑н. Драпежніцкая палітыка імперыялістаў.
3. Заснаваны на асабістай выгадзе; шкодніцкі, негаспадарлівы. Драпежніцкая высечка лесу.
драпе́жніцтва, ‑а, н.
1. Паяданне драпежнікамі іншых жывёлін.
2. перан. Паводзіны і прыёмы, уласцівыя драпежніку (у 2 знач.). Купала паказвае цэлую галерэю прадстаўнікоў капіталістычнага драпежніцтва. Івашын.
3. Драпежніцкія адносіны да чаго‑н.; браканьерства. Драпежніцтва ў лоўлі рыбы.
драпе́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які корміцца іншымі жывёлінамі (пра звяроў, птушак і пад.). Драпежны звер. Судак — драпежная рыба. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. // Які належыць, уласцівы такім жывёлінам. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася, на Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас.
2. перан. Поўны імкнення да нажывы; прагны, хцівы (пра чалавека). Драпежная натура. □ Постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар — ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. Колас. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, хцівасць. Драпежны выраз твару. Драпежны позірк.
дра́піна, ‑ы, ж.
Неглыбокая ранка на целе або пашкоджанне на прадмеце ў выглядзе палоскі, зробленае чым‑н. тонкім і вострым. На нагах віднеліся крывавыя драпіны ад калючага іржэўніку. Кавалёў. Так не праходзіць дня без страты новай, Шчыт кулямёта ў драпінах увесь. Зарыцкі.
драпірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. драпіраваць і драпіравацца.
драпірава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад драпіраваць.
драпірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руеццца; незак.
1. што, чым. Надзяваць, накідваць на сябе што‑н. так, каб яно ляжала прыгожымі складкамі. Драпіравацца ў плашч. // перан. Рысавацца, прымаць эфектныя позы.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець уласцівасць збірацца ў складкі (пра тканіну, шторы і пад.).
3. Зал. да драпіраваць.