дранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Дзеравянець, нямець, страчваць адчувальнасць. Ад холаду дранцвелі рукі і ногі, але ..[Эдазі] плыў і плыў уперад. Каваль. Шкада было матораў гэтых машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі.
дра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад драць.
2. у знач. прым. Разадраны на кавалкі. [Шпалеры] звісаюць дзе-нідзе дранымі шматкамі. М. Стральцоў.
3. у знач. прым. Зношаны да дзірак, падраны. Дранае адзенне. □ Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Быкаў.
4. у знач. прым. Здробнены на тарцы. Курловіч еў .. [бліны] з лоем і хваліў за смак, прызнаваўся, што надта любіць увосень бліны з дранай неляжалай бульбы і пшанічнай мукі. Дуброўскі. / Пра стравы. Драныя аладкі.
драп, ‑у, м.
Тоўстая шарсцяная або паўшарсцяная тканіна, з якой шыюць верхняе адзенне.
[Фр. drap — сукно.]
дра́павы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з драпу. Драпавае паліто.
драпа́к 1, ‑а, м.
Уст. Спружыноўка.
драпа́к 2, ‑а, м.
У выразе: даць (задаць) драпака гл. даць.
дра́панне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. драпаць 1 і драпацца (у 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Драпанне кіпцюрамі па дзвярах. Чуваць драпанне мышэй.
драпану́ць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм. Аднакр. да драпаць 1.
драпану́ць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Паспешліва ўцячы; даць драпака. Не толькі Данік, а і ўсе дзеці нібы чакалі толькі сігналу, каб драпануць адгэтуль на двор. Брыль. Як убачыў .. [Трахіма] Сенька, адразу драпануў у лазняк і знік. Краўчанка.
дра́паны, ‑ая, ‑ае.
З драпінамі, у драпінах. Драпаныя сцены.
дра́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець прывычку драпаць. [Ленка] ужо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. Шамякін. // Тое, што і драпаць 1. Лапкі драпаліся, на твар наліпала павуцінне, за каўнер сыпалася ігліца. М. Ткачоў.
2. Скрэбці, драпаць па чым‑н. з мэтай пранікнуць куды‑н. Сабака драпаецца ў дзверы.
дра́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Скрэбці па якой‑н. паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым; рабіць драпіны. Голле хвастала па твары, драпала рукі, чаплялася за кашулю. Хомчанка. [Фрося] пачала ногцямі драпаць леснікоў твар, рваць яго за доўгія вусы. Бядуля. // Разм. Чухаць цела. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Гарэцкі. Каму свярбіць, той драпае. З нар.
дра́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. пагард. Паспешліва адступаць, уцякаць. — Немец драпае, даганяць трэба, — адным духам выпаліў танкіст. Якімовіч. Калі ж здаралася наскочыць на лясную варту або на міліцыю, Анатоль драпаў у кусты. Дуброўскі.