драпе́жнік, ‑а, м.

1. Драпежная жывёліна. Лясныя драпежнікі. □ Не даўшы падорліку апамятацца, сіваграк узняўся вышэй і кінуўся на драпежніка зверху, збіваючы яго з курсу і адганяючы ад ялін. В. Вольскі. А колькі жукоў-плывунцоў, гэтых драпежнікаў, што знішчаюць рыбіных малькоў. Чарнышэвіч.

2. перан. Пра чужаземных захопнікаў, жорсткіх эксплуататараў і пад. — Нас пагналі буржуі, багатыры, дваране, тыя самыя прадстаўніка багатых класаў, у чыіх руках была ўлада, тыя самыя драпежнікі, што выцягалі з нас жылы і без вайны. Колас. За войны, на якія не скупілася першая палова гэтага стагоддзя, драпежнікі, уварваўшыся часова на нашу зямлю, рабавалі яе, як маглі. Дуброўскі.

3. перан. Пра таго, хто па-грабежніцку адносіцца да агульнага дабра, скарыстоўвае яго для асабістай нажывы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)