галаварэ́з, ‑а, м.
Разм.
1. Забойца, бандыт. Фашысцкія галаварэзы.
2. Ліхач, сарвігалава. Пагладжваючы свае пышныя вусы, Васіль Каравай дабрадушна адказваў: «...Паглядзела, што мой характар — крэмень, ну і адважылася пайсці за такога галаварэза. Праўда, Верачка?» Паслядовіч.
галава́сты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З вялікай галавой. На кручку трапятаўся вялікі галавасты бычок. Бяганская.
2. Разумны, здольны глыбока мысліць. Арцём Дзянісавіч, сакратар, галавасты быў мужык. Ракітны.
галаваця́п, ‑а. м.
Разм. Чалавек, які нядбайна і бесталкова вядзе справу.
галаваця́пскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы галавацяпу; нядбайны, бесталковы. Галавацяпскія адносіны да працы.
галаваця́пства, ‑а, н.
Разм. Нядбайнасць і бесталковасць у вядзенні якой‑н. справы; паводзіны галавацяпа. Змагацца з галавацяпствам.
галаве́нь, ‑лаўня, м.
Прэснаводная рыба сямейства карпавых з тоўстай і шырокай галавой. З цёмнага прадоння яміны падплываюць часам на водмель галаўні, — таўстаспінныя, тупарылыя, з чырвонымі, як жар, пёркамі. Крапіва. Тоўстыя галаўні паважна праплывалі, ледзь варочаючы шырокімі хрыбтамі. Броўка.
галаве́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Абгарэлы або тлеючы кусок дрэва. Агонь патух, толькі галавешкі яшчэ тлеліся, засыпаныя белым, мяккім попелам. Мурашка. Дзед падышоў да агню, паклаў галавешкі і перагарэлыя канцы пален у жар. Колас.
галаві́зна, ‑ы, ж.
Мяса з галавы жывёлы, рыбы як прадукт харчавання. Суп з галавізнай.
галагене́з, ‑у, м.
Тэорыя эвалюцыі, паводле якой кожны від у межах свайго арэала падзяляецца на два віды, адзін з якіх развіваецца паскорана, а другі замаруджана.
[Ад грэч. hólos — увесь і génesis — паходжанне.]
галаге́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галагенаў, змяшчае ў сабе галагены. Галагеннае срэбра.