до́світак, ‑тку, м.
Час перад світаннем. Поезд прыходзіў на досвітку, калі ледзь пачынала святлець палоска на ўсходзе. Шамякін. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Дзень праводзяць дзеці ў лесе — З досвітку і да змяркання. Аўрамчык.
до́світкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да досвітку, бывае досвіткам. Досвіткавы змрок. □ А пасля ішлі ўдваіх бязлюднымі вуліцамі, слухалі, нібы музыку, досвіткавую цішыню. Марціновіч.
до́світкам, прысл.
Перад світаннем. Уставаць досвіткам. □ Досвіткам, калі яшчэ нават не выганялі кароў, я ўжо стаяў з вудамі ля.. хаты. Ляўданскі. Досвіткам за садам падняўся белы густы туман. Галавач.
до́світны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да досвітку, бывае досвіткам. Досвітны туман. □ У Пуціўлі на сцяне галосіць Яраслаўна досвітнай парой. Вялюгін.
до́свіцце, ‑я, н.
Тое, што і досвітак. На досвіцці неба праяснілася. Нібы зубок часнаку, над піхтамі вісеў месячык. Лукша.
до́след, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Вывучэнне з’яў аб’ектыўнага свету ва ўмовах, набліжаных да натуральных; эксперымент. Ставіць доследы. Доследы па хіміі. □ Да 1941 года ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенню баброў у клетках і вальерах. В. Вольскі. Дзіміна падабрала літаратуру, параілася з кім след і.. правяла дослед на бракованых дэталях. Карпаў.
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. даследаваць (у 1, 2 знач.); даследаванне. [Гарлавацкі:] Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе .. [Чарнавус] рабіў геалагічныя доследы. Крапіва.
до́следнік, ‑а, м.
Той, хто займаецца доследамі, звычайна па вырошчванню якіх‑н. сельскагаспадарчых культур, вывядзенню новых сартоў і пад. Калгаснік-доследнік. Доследнік-мічурынец.
до́следніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да доследніка. Доследніцкая работа.
до́следніцтва, ‑а, н.
Работа па правядзенні доследаў, звязаных з вырошчваннем якіх‑н. сельскагаспадарчых культур, вывядзеннем новых сартоў і пад. Займацца доследніцтвам.
до́следны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для правядзення доследаў. Доследная сельскагаспадарчая станцыя. Доследнае поле. □ Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі былі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Пальчэўскі. // Зроблены з доследнымі мэтамі. Доследны узор машыны. Доследная партыя самазвалаў. Доследныя расліны.
2. Заснаваны на доследах, эксперыментах. Вывучэнне доследным шляхам.