до́сыць, прысл.
1. Столькі, колькі патрэбна; дастаткова, даволі. Чаго жадаць яшчэ? Чаго хацець? Ёсць хлеба досыць. З. Астапенка. [Віктар] мае досыць цвёрдасці, каб выканаць самому ўскладзены на яго партыяй абавязак. Зарэцкі. / безас. у знач. вык. У нас усяго досыць. // безас. у знач. вык. Выражае загад, патрабаванне спыніць што‑н. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Хай грыміць над светам наша слова: — Досыць трэсці бомбамі, паны! Смагаровіч. — Хлопцы, досыць спаць! Нікановіч.
2. (у спалучэнні з прым. або прысл.). Значна, у значнай ступені, даволі. Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію. Колас. Пасля жахлівага выбуху толавага зараду Антон Сафронавіч трохі недачуваў і з гэтай прычыны гаварыў досыць гучна. Паслядовіч.
дот, ‑а, М доце, м.
Збудаванне з каменю і жалезабетону для вядзення агню і ўкрыцця ад куль і асколкаў. Амбразуры дотаў, вокны ўмацаваных будынкаў выкідвалі шквал агню і металу. «Звязда». — Доты ставяць усюды, амбразуры ў дотах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Мележ.
до́тык, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. датыкацца — даткнуцца (у 1 знач.). Марына, як заўсёды, прагледзела .. [ведамасці], малюсенькім дотыкам рукі паправіла валасы, хоць яны ляжалі вельмі акуратна. Скрыган. Побач былі слаўныя хлопцы, .. [Андрэй] як быццам адчуваў дотык іх сяброўскіх плячэй. Шахавец.
2. Адно з пяці знешніх пачуццяў — успрыманне адчуванняў, якія ўзнікаюць пры дакрананні да чаго‑н. Непасрэдны дотык. Апасродкаваны дотык.
до́ўбня, ‑і і даўбня́, ‑і, ж.
1. Вялікая палка з патаўшчэннем на канцы (для ўбівання чаго‑н., забою жывёлы і пад.). Машэка доўбняй замахнуцца яшчэ на некага спяшыць... Купала. Яшчэ парася ў чэраве, а доўбня ўжо гатова. З нар.
2. перан. Пагард. Пра няцямкага, дурнога чалавека.
доўг, ‑у, М доўгу і даўгу, м.
1. Тое, што і абавязак. Грамадзянскі доўг. □ Верныя даўгу свайму, Сябры, ідучы на заданне, Здубелыя рукі яму [кастру] Працягвалі на развітанне. Кляўко. — Перадай, Як нашыя спытаюць, Скажы ім — доўг байца Я выканаў, хай знаюць, Як трэба, да канца. Куляшоў.
2. мн. даўгі, ‑оў. Тое, што ўзята ў пазыку, пазычана (пераважна грошы). Вярнуць доўг. Вялікі доўг. Разлічыцца з даўгамі.
3. мн. даўгі, ‑оў. Запазычанасць па абавязковых плацяжах. Даўгі па падатку.
•••
Аддаць свой (апошні) доўг гл. аддаць.
Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) гл. залезці.
Не вылазіць з даўгоў гл. вылазіць.
Не застацца ў даўгу гл. застацца.
У даўгах па вушы — мець многа даўгоў.
У даўгу перад кім — быць абавязаным каму‑н.
У доўг — з умовай звароту.
до́ўга,
Прысл. да доўгі (у 2 знач.). Доўга думаць.
•••
Ці доўга, ці коратка (нар.-паэт.) — праз некаторы час, невядома колькі часу. Ці доўга .. [Іван] спаў, ці коратка, аж прыбягае ваўчыха. Якімовіч.
доўга... (а таксама даўга...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «доўгі» (у 1 знач.), напрыклад: доўгавалосы, доўгабароды; б) слову «працяглы» (у часе), напрыклад: доўгатэрміновы, доўгачасовы.
доўгабаро́ды, ‑ая, ‑ае.
З доўгай барадой. Доўгабароды дзед.