Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

доўгачасо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца доўгі час. Доўгачасовая абарона.

до́ўгі, ‑ая, ‑ае і даўгі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае вялікую даўжыню (у 1 знач.); проціл. кароткі. Жураўлі нібы плылі ў небе, выцягнуўшы тонкія ногі і доўгія шыі. Якімовіч. Падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Лынькоў. Барак быў доўгі і нізкі. Чорны. // Большы ў даўжыню, чым патрэбна. Доўгая сукенка. Доўгае паліто. □ Штаны ў .. [Рыгоркі] доўгія, аж да пят. Якімовіч. // Разм. Высокі ростам (пра чалавека). [Сухарукі] быў доўгі .. і худы. Бядуля. За тое, што ён [дзядзька Мітрафан] быў доўгі, як жардзіна, і хударлявы, усе казалі на яго Чапяла. Бажко.

2. Працяглы ў часе. Доўгая разлука. Доўгі позірк. □ Сход быў доўгі, але спакойны. Чорны. Ногі ад доўгага сядзення замлелі, і .. [Віця] захістаўся. Чарнышэвіч.

3. Які працяжна вымаўляецца (пра гукі, склады). Доўгі гук.

•••

Доўгая песня (гісторыя) гл. песня.

Доўгі рубель гл. рубель.

Доўгі язык гл. язык.

Доўгія рукі гл. рука.

до́ўжыцца, ‑жыцца; незак.

Разм.

1. Адбывацца, працягвацца (у часе). Усяго некалькі хвілін доўжылася гэта сцэна. «Полымя».

2. Здавацца даўжэйшым, больш працяглым, чым звычайна. Стаіць яшчэ раніца. Яна доўжыцца ў лесе. Пташнікаў. Сумна толькі ў адзіноце, ой, як сумна. А дзень так доўжыцца. Якімовіч.

до́ўжыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што.

Разм. Прадаўжаць, працягваць. Можна доўжыць пералік імён і арганізацый, якія дасягнулі вялікіх поспехаў. «Маладосць».

до́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Здохлы, мёртвы (пра жывёлу, насякомых). Дохлы кот. Дохлая мыш.

2. перан. Разм. Хілы, кволы, хваравіты. Справіў ён [Набілкін] сабе палатняны шацёр, .. сеў на сваю дохлую кабылку і паехаў у свет. Якімовіч.

до́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Здыхаць, паміраць. Мухі дохнуць. Ад бяскорміцы жывёла дохне.

•••

Мухі дохнуць ад чаго‑н. гл. муха.

до́чухна, ‑ы, ж.

Памянш.-ласк. да дачка.

до́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Плоскі, адносна шырокі і нятоўсты кавалак дрэва, выпілаваны або вычасаны з бервяна. Напілаваць дошак. Сасновая дошка. Замяніць дошкі ў падлозе. □ Станкі былі шчыльна адгароджаны адзін ад аднаго габляванымі дошкамі. Паслядовіч.

2. Школьная прылада, на якой пішуць мелам. Выклікаць вучня да дошкі. Запісаць сказ на дошцы.

3. Прыстасаванне для чаго‑н. у выглядзе пліты, пласціны. Грыфельная дошка. Дошка для аб’яў. Чарцёжная дошка. Шахматная дошка.

•••

Дошка гонару — дошка з прозвішчамі і фатаграфіямі перадавікоў вытворчасці.

Мемарыяльная дошка — дошка, якая служыць для увекавечання памяці аб якой‑н. асобе або падзеі.

Чорная дошка — дошка з прозвішчамі адсталых у рабоце або вінаватых у чым‑н.

Чырвоная дошка — тое, што і дошка гонару.

Ад дошкі да дошкі — ад пачатку да канца, усё, нічога не прапускаючы (прачытаць і пад.).

Разбіцца ў дошку гл. разбіцца.

Свой у дошку гл. свой.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Як дошка — пра вельмі худога чалавека.

до́шчачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да дошка; невялікая дошка.

драбаві́к, ‑а, м.

Паляўнічае ружжо для стральбы шротам. [Палкоўніка і афіцэраў] канваіравалі каля дваццаці чалавек з вінтоўкамі, з драбавікамі. Лынькоў. Там, пасля нарады з паняй Авялінай, ён [пан Булыга] узброіўся драбавіком і ўсю ноч, як прывід, снаваў па маёнтку — баяўся, каб даўгінаўцы не пахадзілі каля яго будынкаў з запалкамі. Бажко.