дошка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Плоскі, адносна шырокі і нятоўсты кавалак дрэва, выпілаваны або вычасаны з бервяна. Напілаваць дошак. Сасновая дошка. Замяніць дошкі ў падлозе. ▪ Станкі былі шчыльна адгароджаны адзін ад аднаго габляванымі дошкамі. Паслядовіч.
2. Школьная прылада, на якой пішуць мелам. Выклікаць вучня да дошкі. Запісаць сказ на дошцы.
3. Прыстасаванне для чаго‑н. у выглядзе пліты, пласціны. Грыфельная дошка. Дошка для аб’яў. Чарцёжная дошка. Шахматная дошка.
•••
Дошка гонару — дошка з прозвішчамі і фатаграфіямі перадавікоў вытворчасці.
Мемарыяльная дошка — дошка, якая служыць для увекавечання памяці аб якой‑н. асобе або падзеі.
Чорная дошка — дошка з прозвішчамі адсталых у рабоце або вінаватых у чым‑н.
Чырвоная дошка — тое, што і дошка гонару.
Ад дошкі да дошкі — ад пачатку да канца, усё, нічога не прапускаючы (прачытаць і пад.).
Разбіцца ў дошку гл. разбіцца.
Свой у дошку гл. свой.
Ставіць на адну дошку гл. ставіць.
Як дошка — пра вельмі худога чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)