карчма́, ‑ы́; мн. ко́рчмы (з ліч. 2, 3, 4 карчмы́), ко́рчмаў; ж.
Пітны дом з начлегам у дарэвалюцыйнай Расіі (галоўным чынам на Украіне, у Беларусі і Польшчы). — У хаціне спачатку карчма была, бо непадалёк бальшак праходзіў. І людзі забягалі сюды падсілкавацца на дарогу. Няхай. Дзень у дзень .. спыняліся ў пасадзецкіх корчмах дзесяткі фурманак. Бядуля.
карчма́р, ‑а, м.
Чалавек, які трымае карчму; гаспадар карчмы. У свята карчма была заўсёды поўная. Карчмар паспяваў толькі запісваць, хто колькі бярэ.. напавер. Брыль. Яшчэ пры цару ў гэтай хаце была карчма і трымаў яе стары карчмар Евель Пінхасік. Сабаленка.
карчма́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да карчмар.
карчма́рства, ‑а, н.
Трыманне карчмы; занятак карчмара. — Думаеце, выгадная рэч карчмарства? Вечна не даспіш, заўсёды на нагах. Гартны.
карчма́рыха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.
Жонка карчмара.
карчма́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Трымаць карчму, быць карчмаром.
карчо́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Памянш.-ласк. да карчма; невялікая карчма. А з-за дрэў страха зірнула І два коміны на ёй. Падышоў Сымон — карчомка Са стадолай і дваром. Колас.
карчо́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карчмы, належыць ёй. Карчомны дом. □ Начаваў .. [Гушка] дзесьці на самай глухой вуліцы ў карчомнай стадоле. Чорны.
карчу́к, ‑а, м.
Абл. Невялікі корч. Мацей падняўся з карчука і моўчкі пайшоў у бок дарогі. М. Стральцоў.
карчы́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікай колькасцю карчоў, пнёў. Вільготны вецер вее аднекуль з ціхіх палявых дарог, .. з карчыстых тарфяных альшанікаў. Пестрак.