карусе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каруселі. Карусельнае кола.
•••
Карусельны станок гл. станок.
карусе́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які працуе на карусельным станку.
карце́ць, ‑ціць; незак.
1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.
карце́ч, ‑ы, ж.
1. Артылерыйскі снарад, начынены круглымі кулямі і разлічаны на масавае паражэнне жывой сілы праціўніка на блізкай адлегласці. Зарадзіць пушку карцеччу. // Кулі, якімі начыняюць такі снарад. Ноч палілася вішчаннем карцечы, стогны з ахрыплай кляцьбой кругом. Дудар. Хто ссячэ [дрэва] — я зараз жа прымечу, Вінаватым не схаваць віны, Без таго шалёнаю карцеччу Лес пасечаны ў час вайны. Непачаловіч.
2. Буйны шрот. — Зарадзі, не забудзься, карцеч у правы ствол, а дранкульку — у левы. Масарэнка.
[Польск. kartecza — з іт.]
карце́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карцечы. Карцечны зарад.
карцёж, ‑цяжу, м.
Разм. Азартная і зацяжная гульня ў карты. Завесці карцёж. Прыахвоціцца да карцяжу.
карцёжнік, ‑а, м.
Разм. Заўзяты ігрок у карты. Усхадзіліся карцёжнікі. Ці то не падзялілі банка, ці то хто зжульнічаў з іх. Лынькоў. Калі стары Карповіч памёр, як адзіны сын, заядлы карцёжнік, прайграў у карты маёнтак другому карцёжніку. Рунец.
карцёжніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карцёжніка, карцёжнікаў. Ураднік палічыў, што чалавечы доўг ім выканан, і далучыўся да карцёжніцкага гуртка. Колас.
карцёжны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гульні ў карты, звязаны з ёй. Карцёжная гульня. Карцёжны стол.