дваі́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дзвюх аднародных частак; падвойны. Дваістыя лініі. Дваісты след.
2. Які заключае ў сабе дзве розныя якасці, прыметы; супярэчлівы. Дваістая натура. □ У душы бунтавала незразумелае дваістае пачуццё: гарачае, шчырае спачуванне гору Якімцава і злосць на ўсіх гэтых людзей, што сабраліся ў хаце. Савіцкі. // Які праяўляецца ў двух відах, формах. Жыць пачаў .. [Васіль Пятровіч] дваістым жыццём: адным на рабоце, другім — дома. Карпаў.
дваі́цца, двоіцца; незак.
1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.
2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.
3. Зал. да дваіць.
•••
Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).
дваі́ць, дваю, двоіш, двоіць; незак., што.
1. Рабіць парным; здвойваць. Дваіць ніткі.
2. Паўторна ўзорваць, пераворваць. Дваіць папары.
3. Спец. Дзяліць папалам; раздвойваць. Дваіць скуры.
двайні́к 1, ‑а, м.
Чалавек або прадмет, які мае поўнае ці надта блізкае падабенства з другім чалавекам або прадметам. — Ці не той, — думаў тым часам Сцяпан, углядаючыся ў твар галоўнага інжынера.. — Сустракаюцца ж падобныя адзін на аднаго людзі, двайнікі... Гроднеў.
двайні́к 2, ‑а, м.
Разм. Двухпудовая гіра.
двайны́, ‑ая, ‑ое.
1. У два разы большы; падвоены. Двайны расход. Двайная плата. □ У гэты дзень было двайное свята — дзень выбараў супаў з 45‑годдзем устанаўлення Савецкай улады ў горадзе. «Звязда».
2. Які складаецца з двух аднародных ці падобных прадметаў, частак. Двайное дно. □ Жыжка прадзеў левую руку праз двайны раменны повад вуздэчкі, каб не выпусціць жарабка. Ермаловіч.
3. Які праяўляецца ў двух відах, формах. Яны вялі старанна прадуманае двайное жыццё. Гамолка.
•••
Двайная бухгалтэрыя гл. бухгалтэрыя.
двайня́ты, ‑нят; адз. няма.
Двое дзяцей, адначасова народжаных адной маці; блізняты.
двана́ццаты, ‑ая, ‑ае.
Ліч. парадк. да дванаццаць. Дванаццатая гадзіна. Дванаццаты кіламетр.
двана́ццацера, ‑ых, ліч. зб.
Дванаццаць (падліковага значэння не мае, ужываецца з назоўнікамі мужчынскага, ніякага або агульнага роду, якія абазначаюць асоб, маладых істот, а таксама з назоўнікамі, якія маюць толькі мн. лік і з асабовымі займеннікамі ў мн. ліку). У іх было дванаццацера дзяцей. Дванаццацера сутак.
дванаццацігадо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Узростам у дванаццаць год. Першы ліст .. [Галіна Пятроўна] напісала ў Маскву маме і свайму дванаццацігадоваму сыну Валерыку. Шамякін.
2. Працягласцю ў дванаццаць год. Дванаццацігадовы перапынак у працы.
дванаццаціпе́рсны, ‑ая.
У выразе: дванаццаціперсная кішка гл. кішка.