Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

двана́ццаць, ‑і, ліч. кольк.

Лік 12. Тры разы па чатыры — дванаццаць. // Колькасць 12. Дванаццаць гадзін. Па дванаццаць рублёў. □ Група коннікаў, чалавек дванаццаць, ехала асобна, шчыльна вбітаю кучкаю. Колас.

дварані́н, ‑а; мн. ‑ране, ‑ран; м.

Асоба, якая належыць да дваранскага саслоўя. Лукаш Леўчанка, дваранін па паходжанню, прыблукаў сюды з Украіны і асталяваўся ў Верхані. Колас.

двара́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да дваранін.

двара́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да двараніна, дваранства. Дваранскае саслоўе. Дваранскае паходжанне. Дваранскага роду.

двара́нства, ‑а, м.

Пануючае саслоўе феадальнага (пазней — і капіталістычнага) грамадства, якое складалася з памешчыкаў, вышэйшых чыноўнікаў і мела асноўнай крыніцай даходу зямельную ўласнасць. Так, антычная дзяржава была, перш за ўсё, дзяржавай рабаўладальнікаў для падаўлення рабоў, феадальная дзяржава — органам дваранства для падаўлення прыгонных сялян, а сучасная прадстаўнічая дзяржава ёсць сродак эксплуатацыі наёмнай працы капіталам. Энгельс. // Званне двараніна. Атрымаць дваранства, // зб. Дваране. Павятовае дваранства.

•••

Прадвадзіцель дваранства гл. прадвадзіцель.

дварня́к, ‑а, м.

Разм. Непародзісты дваровы сабака. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугамі, падняўся на дыбы, злосна забрахаў. Хомчанка. Асабліва не даваў спакою ласям Макейчыкаў Дунай — нейкая помесь дварняка з ганчаком. Паслядовіч.

дваро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да двара ​1 (у 1, 2 знач.). Дваровы сабака. Дваровыя будынкі.

2. Узяты ў панскі двор для абслугоўвання памешчыка (аб прыгонных сялянах). Дваровыя людзі. □ Зосю «Мікалаішку» зналі.. многія дзецюкі з бліжэйшых к Сілцам вёсак, дробныя фальваркоўцы і дваровыя служачыя. Гартны. / у знач. наз. дваро́вы, ‑ага, м.; дваро́вая, ‑ай, ж. Сам [аканом] ехаць да .. [пана] баіцца. Надумаўся ён паслаць каго з дваровых. Якімовіч.

дварцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дварца. Дварцовая плошча. Дварцовы парк.

•••

Дварцовы пераварот гл. пераварот.

двары́шча, ‑а, н.

Участак з хатай і дваровымі будынкамі. З дварышча толькі выйдзеш за такі — Вясельных скрыпак нават не чуваць. Танк.

дварэ́ц, ‑рца, м.

Будынак, які служыць жыллём і пастаянным месцазнаходжаннем цара, караля ці іншага кіраўніка дзяржавы, а таксама членаў іх сямей. Царскі дварэц. Каралеўскі дварэц. // Будынак, які вылучаецца пышнасцю, хараством, раскошай; палац. Мармуровыя дварцы Венецыі.